Стамбул. Руіны трыумальнай аркі Феадосія Вялікага



Трыумфальныя аркі, напэўна, – ці не самыя імперскія помнікі. Будаваліся яны ў гонар перамог, сапраўдных ці прыдуманых, і, на думку стваральнікаў, мусілі нагадваць спаткаемцам пра бляск і веліч эпохі.

Рымскі імператар Феадосій Вялікі ўвайшоў у гісторыю не столькі мілітарнымі перамогамі над знешнімі і ўнутранымі ворагамі, колькі прыхільнасцю да артадаксальнага хрысціянства: ён паразбураў усе храмы ў гонар Зеўса, Венеры, Мітры і Асірыса, наклаў забарону на Алімпійскія гульні і, у дадатак да ўсяго, абвесціў матыматыку і астраномію “чараўніцтвам”. У гонар перамог над варварамі, паўстанцамі і здаровым сэнсам ён і загадаў збудаваць у цэнтры Канстантынопаля трыумфальную арку.

Арка гэтая прастаяла крыху больш за дзвесце гадоў і была разбураная землятрусам. Знішчэнне давяршылі шматлікія варвары і мясцовыя жыхары, якія парасцягвалі будаўнічыя блокі на падмуркі дамоў.

Парэшткі аркі Феадосія Вялікага знаходзяцца ў самым цэнтры Стамбула, блізка плошчы Беязэт. Злева руінаў знаходзіцца ювелірная крама, якая належыць хрысціянам-монафезітам, насупраць – мячэць, а сярод мармуровых абломкаў стаіць столік, за якім кожны ахвочы можа паразважаць пра лёсы імперый і імперскіх помнікаў.

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя