Стамбул. “Жалезная царква”, дзе служыць Усяленскі Патрыярх
Стамбульская царква св. Стэфана міжволі ўваскрашае ў памяці стылістыку “мураўёвак”, тульскія пернікі і нават “Цукровы крэмль” Уладзіміра Сарокіна. Цяжкі залачоны дэкор, бы ў маскоўскім Вялікім Тэатры, непранікальныя твары святых і атмасфера ўрачыстай напружанасці, ад якой хочацца камянець, нібы па вайсковай камандзе “устаць, зважай!” Праўда, элементы мадэрну і неаготыкі крыху згладжваюць візантыйскую суворасць.
Зрэшты, усё па-парадку. Напрыканцы ХІХ стагоддзя стамбульскія балгары вырашылі збудаваць царкву – тым больш, што нават турэцкі султан вызнаў іх асобным этнасам і дазволіў такое будаўніцтва. З прычыны сейсмічнай нетрываласці царкву спраектавалі з металу. Венская фірма, якая атрымала замову, па Дунаі і Чорным моры выправіла ў Стамбул сталёвы каркас і бляшаныя сцены, якія і былі сабраныя на беразе затокі Залаты Рог, бы той канструктар “лега”.
У “Жалезнай царкве”, як яе называюць у Стамбуле, іншым разам служыць сам Усяленскі Патрыярх Варфаламей І. Для Усяленскага Патрыярха праваруч увахода пастаўлены адмысловы фатэль, а насупраць яго – фатэль для ганаровых гасцей.
Рэзыдэнцыя Варфаламея знаходзіцца непадалёк, у сціплым трохпавярховым будынку. Ані чорных джыпаў з раскормленымі архімандрытамі, ані мерсэдэсаў са спецмігалкамі, як каля палацу маскоўскага патрыярха Кірылы Гундзяева, там не бывае.
[Not a valid template]
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара