Стары свіран у Лапухове
Ёсць на Слонімшчыне вёска Лапухова, якая нічым асаблівым сёння не адрозніваецца ад іншых вёсак. Але пры ўездзе ў вёску злевага боку ў вочы кідаецца вялікая драўляная пабудова. Гэта стары свіран першай паловы ХХ стагоддзя, якіх зусім мала захавалася ў Беларусі. А магчыма ўжо іх зусім няма.
Свіран у Лапухове трымаецца на камянях. Крайнія камяні вялікія, а пасярэдзіне пабудовы – меншыя камяні. На меншых стаяць спецыяльныя роўныя вялікія калодкі. Вось на гэтых камянях і калодках трывала адчувае шмат дзесяцігоддзяў гэты свіран – традыцыйная гаспадарчая пабудова для хавання збожжа, прадуктаў, адзення, хатняга начыння. Ад клецяў, напрыклад, свіраны адрозніваюцца большымі памерамі, дэкаратыўным аздабленням і дыферэнцыраванасцю функцыянальнага прызначэння. Свіраны часцей за ўсё будавалі ў Беларусі, Літве і ў некаторых раёнах Польшчы. Яны заўсёды стаялі асобна ад усіх вясковых пабудоў.
Стары свіран у Лапухове можа прыцягваць турыстаў, асабліва школьнікаў, каб яны сваімі вачыма паглядзелі, дзе сто гадоў таму захоўвалі сваё багацце беларусы.
Беларускае Радыё Рацыя