Стары замак у Гародні аднаўляюць як будынак ХХ стагоддзя



У Гародні актыўнымі тэмпамі працягваецца рэканструкцыя Старога замка. Аднак многія гісторыкі выказваюцца негатыўна пра метад рэстаўрацыі, калі выкарыстоўваюцца звычайныя сучасныя будаўнічыя матэрыялы.

Гарадзенскі пісьменнік Сяргей Астравец неаднойчы пісаў, што варта замак аднавіць, але сёння ён крытычна ўспрымае гэтую рэканструкцыю:

– Ён стаяў, стаяў. Мы марылі, каб з яго сапраўды зрабілі штосьці. Бо ён не выглядаў да канца на замак. У мяне быў такі блог, дзе я яго параўнаў проста з замкам Кафкі. Штосьці ў гэтым ёсць ад замка Кафкі. Але калі пачалася рэстаўрацыя, то мы бачым, што рабочыя складаюць сцены з бетонных блокаў, са звычайнай цэглы, і гэта проста жых. Але нічога ўжо зрабіць немагчыма, ужо машына запуцілася, як гэта бывае ў гэтай краіне.

Стары замак у Гародні быў пабудаваны як абарончае збудаванне ў ХІ стагоддзі. У 1391 годзе ён стаў галоўнай рэзідэнцыяй вялікага князя літоўскага Вітаўта, які перабудаваў драўляны будынак ў каменны. У 1580-ые гады замак сталі перарабляць для караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя. Затым ён неаднойчы руйнаваўся і перабудоўвася. За аснову цяперашняй рэканструкцыі Старога замка ўзяты замак часоў караля Стэфана Баторыя.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара