Строгі каранцін падоўжаны ў Францыі да 11 траўня



Увечары ў панядзелак, 13 красавіка, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон выступіў з тэлезваротам да жыхароў краіны. Ён аб’явіў аб працягу каранцінных мер да 11 траўня, паабяцаўшы пасля гэтай даты паступовы выхад з ізаляцыі. «Калі ўмовы дазволяць», – дадаў кіраўнік Францыі. Пра гэта паведамляе RFI.

Каранцін у Францыі працягнецца да панядзелка 11 траўня. Гэта адзіны спосаб запаволіць распаўсюджванне эпідэміі COVID-19 і дазволіць медыкам лячыць хворых, патлумачыў Эманюэль Макрон. Выхад з карантыну «стане магчымым, калі мы будзем выконваць усе правілы і распаўсюджванне віруса сапраўды спыніцца», папярэдзіў ён.

Эманюэль Макрон таксама паабяцаў адкрыць у траўні сярэднія школы і ліцэі, а навучэнцам вышэйшых навучальных устаноў абвясціў, што заняткаў у іх не будзе да пачатку лета. У бліжэйшы час урад павінен вырашыць, як будуць праводзіцца экзамены ва ўсіх навучальных установах краіны.

Пасля 11 траўня не ўсё змогуць вярнуцца да працы: рэстараны, тэатры і кінатэатры, кафэ, гатэлі, музеі будуць зачыненыя. Розныя фестывалі і іншыя масавыя мерапрыемствы не змогуць праводзіцца як мінімум да сярэдзіны ліпеня. Межы Францыі з нееўрапейскімі краінамі таксама пакуль застануцца зачыненымі – «да адмысловага распараджэння».

Яшчэ даўжэй (пасля 11 траўня) выконваць каранцін прыйдзецца усім, хто знаходзяцца ў групе рызыкі – хранічна хворым людзям і састарэлым. Для іх дакладнай даты выхаду з карантыну Макрон не назваў.