Струбніца. Троіцкі касцёл 18-га стагоддзя
На тэрыторыі сучаснага Мастоўскага раёну можна пабачыць надзвычай сціплы, але адметны старажытны храм. Цікавы ён таксама сваёй наўкольнай тэрыторыяй, стаіць на высокім пагорку, адкуль разлягаюцца краявіды.
Троіцкі драўляны касьцёл 1740 года ў Струбніцы (фактычна ён бліжэй да вёскі Плябанаўцы) пабудаваны паводле фундацыі Юры Сененскага і Францішка Абрамовіча. Ведама, што ў 1790-99 гадах храм рэстаўраваны коштам Яна Біспінга, у 1841 годзе коштам Адама Біспінга.
Ля касцёлу надзвычай адметная мураваная брама і двухярусная мураваная званіца 1856 года. На касцельных могілках пахаваньні роду Біспінгаў, якія жылі ў Струбніцы з 2-й паловы 18 стагоддзя да 1939 года. Гэта сапраўды маштабны родавы некропаль.
Касцёл у Струбніцы быў зачынены на пачатку 1960-ых гадоў, у 1989 годзе вернуты вернікам.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара