Сцежкі Элізы Ажэшкі
18 траўня – 110-ыя ўгодкі з дня смерці пісьменніцы Элізы Ажэшкі (з роду Паўлоўскіх).
Эліза Ажэшка – асаблівае імя ў гісторыі Гародні і ўсяго прынёманскага рэгіёну. Няшмат у нашым нацыянальным пантэоне асобаў, з якіх адначасна могуць браць прыклад і тутэйшыя палякі і мясцовыя беларусы. І не таму, што нашы ўзаемныя гістарычныя стасункі досыць складаныя. А таму, што пісьменніца Арэшкава была менавіта ўзорам прынцыповасці, годнасці, а таксама сцвярджальніцай рэгіянальнага патрыятызму, прыналежнасці да зямлі, якой варта і трэба ганарыцца.
Адна з цэнтральных вуліцаў Гародні носіць імя менавіта Элізы Ажэшкі, на ёй стаіць прыгожы дамок пад нумарам 17. Ён пабудаваны ў 1976-ым годзе з пераносам углыб як копія драўлянага дому, у якім жыла пісьменніца, пераехаўшы сюды і выйшаўшы замуж за Станіслава Нагорскага. Менавіта тут быў напісаны зборнік навелаў “Gloria victis”, многія іншыя творы.
Дом-музей Элізы Ажэшкі ў Гародні
Стаўленне жыхароў гораду да Ажэшкі найлепш характарызуе наступны факт: калі яна цяжка хварэла, людзі выслалі брукаванку паблізу яе дому саломай, каб не грымелі пад вокнамі колы. А правесці Ажэшку ў апошні шлях прыйшлі тысячы людзей. У 60-ыя гады дваццатага стагоддзя ў будынку месцілася і гуртавалася аддзяленне саюзу беларускіх пісьменнікаў, якое ўзначальваў Аляксей Карпюк. У доміку паўсталі музейныя пакоі і размясцілася бібліятэка замежнай літаратуры. Памятаю, як наш універсітэцкі выкладнік гісторыі культуры Барыс Клейн у адным з пакояў выконваў на фартэпіяна для нас творы розных кампазітараў.
Помнік пісьменніцы ў Гародні
Галоўнае ж месца ўшанавання Элізы Ажэшкі – вёска Мількаўшчына, дзе была сядзіба роду Паўлоўскіх і дзе нарадзілася будучая пісьменніца. Менавіта тут у мясцовай школе колішні дырэктар Уладзімір Трахімчык і настаўніца Тацяна Савянкова стварылі музейную экспазіцыю. А на ускрайку Мількаўшчыны, дзе колішні фальварак Паўлоўскіх, дзе нарадзілася Эліза Ажэшка, расла і куды яна вярнулася пасля паразы паўстання 1863 году, пастаўлены крыж, помны камень, буслянка.
У Мількаўшчыне
З Мількаўшчыны шлях Ажэшкі вядзе ў Залесна, дзе пахаваныя бацька, сястра пісьменніцы і іншыя яе сваякі.
Пахаванні роду Паўлоўскіх у Залесне
А далей дарога ў маю родную Каменку. У раннім дзяцінстве, гуляючы вакол мясцовага касцёлу, я не ведаў, што на гэтай тэрыторыі некалі быў іншы храм, у якім і была ахрышчана дзяўчынка Эліза. На яго месцы зараз помнік з адпаведным напісам.
Эліза Ажэшка магла быць сведкай забудовы новага Каменскага касцёлу
Помнік у памяць старога каменскага касцёлу, дзе ахрысцілі Элізу Паўлоўскую
Што засталося над Нёманам з часу Пані Элізы, з натуры яе творчасці? Плынь і шум ракі паблізу крыжа Яна і Цэцыліі ў Багатырэвічах, рэшткі падмурку старога лецішча ў Мінявічах, колішні палац Ромераў у Луне і пахаванне на тамтэйшых могілках роду Камінскіх. Урэшце знакамітыя гербарыі Ажэшкі, якая грунтоўна займалася батанікай.
Помнік у Багатырэвічах
Што засталося з часу на зломе стагоддзяў, у якім жыла пісьменніца? Варта пашукаць… У гэтым пошуку можна запаліць знічку на магіле Ажэшкі, што на старых гарадзенскіх каталіцкіх могілках, пакласці кветкі да помніку ля Гараднічанкі, паслухаць спеў птушак у Румлёўскім парку, прайсці пад шатамі кляновых прысадаў і напіцца вады з студні-жураўля ў Мількаўшчыне, укленчыць у каменскім храме, праехацца возам праз прыбярэжныя вёскі Мастоўшчыны, урэшце спусціцца стромым берагам да Нёману і паплыць чоўнам…
Нёман у ваколіцах мястэчка Луна
Магіла Элізы Ажэшкі і яе мужа Станслава Нагорскага на старых гарадзенскіх каталіцкіх могілках
Бераг Нёмана ў Румлёве
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара