Сцяпан Бандэра як камерцыйны брэнд Львова
Ці не кожны беларус, які прыяжджае ў Львоў, мае ў культурнай праграме сем-восем пунктаў. Наведванне “Крыіўкі”, патрыятычнага гандэлка на Плошчы Рынак, звычайна стаіць пад другім нумарам – акурат паміж шпацырам па Старым горадзе і абавязковым фатаграфаваннем на тле Опернага тэатра.
Увогуле, “Крыіўка”, як хто не ведае – гэта такі кансператыўны падземны схрон, адкуль змагары Украінскай Паўстанцкай Арміі рабілі напады на МГБ, савецкіх вайскоўцаў, прысланую з Масквы адміністрацыю ды іншых нязваных гасцей, у тым ліку і Вермахт.
Як і мае быць па законах кансперацыі, львоўская “Крыіўка” не мае класічнай рэстараннай шыльды. Але ж “гугль ведае ўсё”, у тым ліку і дом нумар 14 на Плошчы Рынак. Трэба проста зайсці ў пад’езд таго дома і пагрукацца ў дзверы. З-за дзвяры пачуецца: “Гасло?..” Правільны адказ, натуральна – “Слава Україні!..” (можна, зрэшты, дадаць і “Жыве Беларусь!..”). Пасля рытуальнага “Героям Слава!” дзверы адчыніць мажны дзядзька ў форме УПА, з трафейным савецкім аўтаматам ППШ, і вы трапіце ўсярэдзіну.
[Not a valid template]
Тых, хто лічыць гэтую ўстанову грамадскага харчавання “русафобскім”, мушу расчараваць. Ніякіх моўных праблем у “Крыіўцы” няма; да афіцыянта можна звяртацца хоць беларускай, хоць польскай, хоць расейскай мовамі. Пры гэтым ніхто не стане лупцаваць “русскоязычных” наведвальнікаў па галавах шаўчэнкавым “Кабзаром”, гвалтам пхаць у рот сала і прымушваць спяваць украінскія песні. Трупаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў “Крыіўцы” таксама няма, хаця пра нешта падобнае іншым разам расказваюць расейскія тэлеканалы. А вось зброя, як вытлумачальная дэталь інтэр’ера – калі ласка. Хочаш – савецкія ППШ, наганы і “дзегцяровы”, хочаш – нямецкія кулямёты MG-42 i аўтаматы MP-40, больш вядомыя, як “шмайсеры”. Вядома ж, то муляжы, і некаторыя кліенты безумоўна застаюцца гэтым расчараваныя: развешаныя па залі мішэні з выявамі Уладзіміра Пуціна і Віктара Януковіча, сучасных антыгерояў украінскага фальклору, пэўна, прымушаюць падсвядома сціскацца ўказальныя пальцы шмат каго…
Меню “Крыіўкі” здольнае ўвагнаць у перадінфарктны стан кожнага прыхільніка „русского мира”: кактэйлі “Сцяг УПА”, “Лясны брат” і “Ту-22, альбо Бывай, зброя!”, канапкі “Па-піндоскі”, сала “А чё там у хохлов?” І нават дранікі з бяскрыўднай, на першы погляд, назвай “Сустрэча з грыбніком” напэўна, падкажуць такому масквафілу самыя жахлівыя асацыяцыі.
[Not a valid template]
Натуральна, галоўныя персанажы “Крыіўкі” – Сцяпан Бандэра і жаўнеры УПА. Выявы Сцяпана Андрэевіча паўсюдна: на плакатах, на стэндах, на сакулках, значках і нават на піўных куфлях, якія прадаюцца ў сувенірнай краме на выхадзе.
Вячэра ў патрыятычным гандэлку на Плошчы Рынак спарадзіла ў мяне шмат якіх думак.
Першая думка такая. Украінскі нацыяналізм у фармаце “Сцяпана Бандэры”, “УПА” і той жа “Крыіўкі” – найперш камерцыйны брэнд, крэатыўна раскручаны і неверагодна запатрабаваны менавіта ў гасцей. Паказальна, што яшчэ да вайны ці не галоўным спажыўцом гэтага брэнду былі госці з Расеі. Чаму? А каб потым пахваляцца ў якім пгт. Мурыгіна Кіраўскай вобласці футболкай з надпісам “Дякую тобі Боже, що я не москаль!»: маўляў, не збаяўся пабываць у страшным логаве фашыстаў-нацыяналістаў, адстрэльваўся ад гадаў і нават з трупа бандэраўца трафей зняў!..
Другая думка натуральна вынікае з першай. Ведаеце, калі мы зраўняемся з Украінай? Калі ў цэнтры Менска, у якім Верхнем Горадзе, з’явіцца сімпатычны гандэлак пад назвай “Міхал Вітушка”, дзе будуць прадавацца кактэйль пад назвай “Апошні енк кагэбістага”, футболкі з выявамі Станіслава Булак-Балаховіча і піўныя кухлі з цытатамі Зянона Пазняка. Кактэйлі правільна рабіць з айчыных трункаў, але ж футболкі павінны быць масавай індыйскай вытворчасці, а кухлі – масавай кітайскай. І каб усходнія госці станавіліся за ўсім гэтым ў чэргі і слюнявілі свае рублі.
Але пажадана пры гэтым, каб потым яны ў сваіх Тамбовых-Разанях расказвалі: ды што вы, Менск – зусім не страшны горад, не ўсё там па-беларуску, мы вось расейскай гаварылі – і нас ніхто не пабіў!..
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара