Ствараецца турыстычны даведнік для інвалідаў па пінскім Палессі



У Беларусі з’явіцца турыстычны даведнік па пінскім Палессі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У ім дэталёва апішуць не толькі турыстычныя шляхі, прыстасаваныя для інвалідаў, але ўсю турыстычную інфраструктуру, у якой ёсць элементы безбар’ернага асяроддзя.

Распрацоўкай займаюцца сябры Пінскай рэгіянальнай асацыацыі інвалідаў-вазочнікаў. Яе старшыня Алена Макарчук кажа, што даведнік будзе карысны, як для інвалідаў, так і для турфірмаў:

– Будзуць апісаныя ўсе шэсць турыстычныя маршруты. Затым будаўнічыя нормы і правілы для ўладальнікаў аграсядзібаў. Мясцовыя славутасці, якія дастурныя для інвалідаў. Што датычыць харчавання, пражывання – кавярні, сталоўкі, гатэлі, якія таксама будуць дастурныя для інвалідаў. У прынцыпе, даведнік будзе карыстным як для турфірм, так і для саміх інвалідаў-вазочнікаў, а таксама для ўладальнікаў аграсядзібаў.

Пінскія інваліды-вазочнікі намагаюцца звярнуць увагу айчыннага турыстычнага бізнесу на людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія б хацелі скарыстацца іх паслугамі, але  з-за адсутнасці ўмоваў – гэта не рэальна.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pinsknews.by