Суб’ектыў па маршруце „Шляхамі Тызенгаўза”
Усё ж нягледзячы на рэжым, якога трымаецца значная частка людзей у Беларусі і Польшчы, я выбраўся праінспектаваць хаду працаў па стварэнні з беларускага боку роварна-турыстычнага маршруту „Шляхамі Тызенгаўза”. На жаль, месцаў для развіцця роварнага турызму багата, але па факце інфраструктуры бракуе.
Як пісаў летась, справа ішла павольна. Але восеньскія і зімовыя працы далі нейкія рысы будучага маршруту да Юбілейнага возера, што каля Гародні.
Перш варта заўважыць, што з’явіліся інфармацыйныя драўляныя (апрацаваныя сродкамі ад грыбка) слупы. Пакуль без інфармацыі, толькі драўляная „аснова”, без маркіроўкі. Нагадаем, што павінны быць адзначаны 3 маршруты.
Каля знаку мяжы места Гродна, старая роварная сцежка так і не папраўлена. Абляпіхавыя парасткі прабіваюць новую асфальтавую дарожку, якая была яшчэ да праекта „Тызэнгаўза”. Гэта сустракаецца таксама каля возера Юбілейнае, дзе на выездзе таксама частка дарожкі асфальтавая. Выснова простая: будаўнікі не вытрымліваюць тэхналогіі ўкладання дарожак. Таму карнявая сістэма бліжэйшых дрэваў і хмызоў хутка дае рады з мяккім асфальтавым пакрыццём.
Значная частка наноўстворанай маршрутнай грунтовай сцежкі для ровараў пакрыта жарствой. Каля кіламетра дарогі да возера яна слаба ўтрамбавана, і таму непрыдатная для турыстычных ровараў, кшталту гібрыдаў. Адзінае выйсце на прышласць, рэкамендаваць вандроўнікам карыстацца роварамі класу „горны”. Інакш давядзецца „буксаваць”, альбо весці свайго гружанага турыстычным начыннем „каня”.
На Юбілейным возеры ёсць падрыхтаванае месца для стаянкі раварыстаў. Гэта, прынамсі цяпер, адзінае месца, інфраструктуры для адпачынку. На этапе ўзвядзення альтанка і навес пад ровары. Месца пад намётавае мястэчка не заўважыў. У гэтым участку роварная і пешаходная сцежка падсыпана няўтрамбаванай жарствой. Таму ровар, калі не горнік, давядзецца весці некаторы час.
Непрыемнай асаблівасцю зараз тое, што ўсе ўчасткі маршруту ад Юбілейнага возера да старога аэрадрому Караліно падсыпаны ўздоўж асфальтавай аўтамабільнай дарогі жарствою. Хаця сэнсоўна было б пакрыццё зрабіць з асфальту і слупамі аддзяліць ад аўтамабіляў. Бо едучы па слабаўтрамбаванай узбочыне, ровар загразае, а машыны на паваротах заходзяць на ўзбочыну, нават у месцы, дзе пакладзены „спячы паліцэйскі”, заязджаючы на роварны маршрут. Спадзяюся, што на гэтым пакручастым участку ў 500 прыкладна метраў асфальт будзе ўсё ж пакладзены, як і агароджа. Інакш гэтая падсыпка губляе сэнс. І раварысты будуць карыстацца праезнай часткай да развязкі дарогі на Каробчыцы.
Адзін малы кавалачак, нібы на здзек для раварыстаў, пакладзены як трэба! Але гэта на развязцы, і магчыма не праз фінансаванне „Шляхам Тызэнгаўза”.
Агульная мая ацэнка гэтага этапу стварэння роварна-турыстычнага маршруту ад Гародні да Каробчыцаў – нездавальняючая. А ёсць жа яшчэ і шлях да Брузгоў!
Да завяршэння фінансавання маршруту транспамежнай дапамогі па рэалізацыі турыстычнага роварнага маршруту, які звяжа Саколку з Гародняй, застаўся год.
Віктар Парфененка, Гародня.