Сучаснае значэнне перамогі пад Воршай 8-га верасня ў 1514 годзе
У Магілёве 8-га верасня 2023 году ўсталявалі сяміметровую ў вышыню копію герба гораду, які Магілёў атрымаў за антырасейскае паўстанне 1661 году.
І канешне, галоўны элемент герба – гэта «Пагоня». Тая самая, за якую вы сёння на падкантрольных Лукашэнку тэрыторыях атрымаеце ад пятнаццаці сутак і да бясконцасці.
8-га верасня на пачатку 1990-х, то бок, у кароткі перыяд калі Беларусь была адносна незалежнай і адносна свабоднай, але, прынамсі, пад нацыянальнымі сімваламі і са спадзевам на паляпшэнне грамадскага жыцця, вось у той час пачалі 8-га верасня адзначаць Дзень беларускай вайсковай славы.
І хоць вайсковая слава 8-га верасня была ажно ў 1514 годзе, калі сумесныя войскі ВКЛ і Кароны польскай разграмілі Маскоўскае войска, якое ўварвалася на землі сучаснай Беларусь пад Воршай, свята, безумоўна важнае для сучаснай гісторыі.
Дзень беларускай вайсковай славы падарыў нам бардаўскі фэст на Крапівеньскім полі пад Воршай. 8-га верасня ў Менску ды іншых гарадах Беларусі адбываліся музычныя ды іншыя творчыя імпрэзы.
Разгром нашымі продкамі нашых сучасных натуральных праціўнікаў яднаў людзей – сама ідэя, што цмока перамагчы можна. На першых кроках новай беларускай незалежнасці было вельмі важна паказаць тагачаснаму насельніцтву, якое рабіла першыя крокі, каб стаць грамадствам, што без Масквы можна жыць.
Справа была не ў вайсковай, а ў ідэйнай славе. У поспеху думкі, што трэба жыць сваім і бараніць сваё.
Сёння наша Аршанская бітва працягваецца. Лукашэнка здраднік, якія стаўся ачольнікам такіх самых прыслужнікаў Крамля, як і ён сам.
Калектыўныя лукашэнкі працягваюць спробы выціснуць з Беларусі, як бы гэта тафталагічна ні гучала, беларусаў. Носьбітаў ідэі «любі сваё, шануй сваё, барані сваё».
«Пагоня» ёсць не толькі на магілёўскім гербе, але і на гербе Віцебскай вобласці, гарадоў Лепель і Рэчыца.
Ды што там, сяляне і дачнікі дагэтуль выкопваюць са сваіх градаў барацінкі – дробныя манеты ВКЛ часоў XVII стагоддзя – з «Пагоняй» на рэверсе.
Не ведаю колькі часу прастаіць герб Магілёва, згаданы на пачатку, але я бачу сведчанне, што нашы – беларускія – людзі застаюцца ў Беларусі.
Дэ-факта акупаваныя, але іх большасць. Якія працэнты большасці – сацыёлагі пакуль не скажуць. Але гэта і не важна.
Важна што 8-га верасня – гэта Дзень беларускай грамадскай славы.
Жыве нашае адзінства!
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя