Свіраны – месца, дзе з’явіўся на свет Францішак Багушэвіч
Кушляны, Доцішкі, Жупраны – усе гэтыя мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Францішка Багушэвіча, знаходзяцца на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Свіраны ж, дзе нарадзіўся паэт і заснавальнік нашай літаратуры, і Рукойны, дзе ў мясцовым касцёле яго хрысцілі, апынуліся пасля ў 1939-га году ў Літве. Доўгі час памылкова месцам нараджэння Багушэвіча лічыліся Кушляны. І толькі літаратуразнавец Сцяпан Александровіч, абапіраючыся на пісьмовыя сведчанні Адама Станкевіча, а таксама краязнаўца і тэатральнага крытыка Напалеона Роўбы, сябра Багушэвіча, аднавіў гістарычную справядлівасць. Але найбольш грунтоўна біяграфію Багушэвіча вывучыў, даследаваў і папулярызаваў краязнавец Уладзімір Содаль.
З гэтых мясцінаў паходзіла маці паэта – Канстанцыя Багушэвіч з роду Галаўнёў. Сённяшнія дарогі ў гэтай частцы гістарычнай Віленшчыны надзвычай маляўнічыя, а разам з тым малалюдныя. Свіраны мы адшукалі амаль інтуітыўна, адпаведнага ўказальніка туды няма. Хата, у якой нарадзіўся беларускі пясняр, зразумела не захавалася. На яе месцы стаіць іншая. З ласкавай згоды цяперашніх гаспадароў светлай памяці руплівец ТБМ Юры Гіль у 2002-ім годзе ўсталяваў на хаце памятную шыльду. Зусім нядаўна актывісты віленскага Таварыства Беларускай Культуры абнавілі яе, пафарбаваўшы літары. Праз дарогу ад хаты стаяць абгароджаныя крыж і скульптурка Маці Божай.
Вярнуўшыся назад і пераехаўшы скрыжаванне, трапляем у вёсачку Савічуны. На яе ўскрайку стаіць бібліятэка імя Францішка Багушэвіча. На будынку адпаведная мемарыяльная шыльда, вуліца таксама носіць імя паэта. Аб’ект улучаны ў турыстычную трасу, што звязана з мясцінамі іншага пісьменніка – Уладзіслава Сыракомлі, які жыў непадалёк у Барэйкаўшчыне.
Надвячоркам выязджаем з мясцінаў ранняга дзяцінства Мацея Бурачка. Даўняя вандроўная мара спраўдзілася…
[Not a valid template]
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара