Свіслацкая гімназія – легенда 19-га стагоддзя



Свіслацкая гімназія – гэта прыклад адукацыйнай установы, якая кшталтавала не толькі веды сваіх навучэнцаў, але і самастойнасць мыслення, незалежнасць поглядаў і перакананняў. Невыпадкова з сценаў гэтай alma mater выйшла столькі вальнадумцаў, змагароў за сацыяльную і нацыянальную справядлівасць.

Сама вучэльня перажыла некалькі этапаў. Уласна гімназія дзеіла з з 1805-га па 1851 год. Пасля яна была пераўтворана ў пяцікласную дваранскую вучэльню. А ў 1876 годзе ў будынку паўстала настаўніцкая семінарыя, якая праіснавала да 1921 году. Падобна славутаму віленскаму ўніверсітэту, у Свіслачы у пачатку 1820-га году стварылася свая патаемная суполка філаматаў, у якую уваходзіла 15 чалавек. У розны час Свіслацкую гімназію закончылі Напалеон Орда, Віктар Гельтман, Лявон Зянковіч, абодва браты Каліноўскія, ажно тры браты Крашэўскія, Рамуальд Траўгут, Мікола Дзямідаў, Макар Краўцоў, Аляксандар Грыкоўскі – што ні імя, то легенда, яркі след у гісторыі. Застаецца здзіўляцца як цемрашальскі рэжым расейскага цара Мікалая І зусім не зачыніў установу пасля задушэння паўстання 1830 году. Прайшло яшчэ трыццаць гадоў і вучэльня ўзгадавала новую плеяду няўрымслівых паўстанцаў. Але і тут усё скончылася фатальнай паразай. Многія лепшыя хлопцы Краю паскладалі галовы ў няроўным змаганні з усходняй акупацыяй – шматвяковая наканаванасць, якую не ўдаецца пераадолець да цяперашняга дня.

Выкладнікі і выпускнікі гэтай установы заслугоўваюць напэўна асобнай кніжкі – шкада, што ніхто яе пакуль не напісаў. Сярод іх былі проста ўнікальныя асобы. Прыкладам нямецкі вучоны-славіст Рудольф Абіхт, які ў 1917-18 гадах выкладаў у Свіслацкай настаўніцкай семінарыі беларускую мову. Уявіце сабе германца, які дасканала вывучыў беларускую мову ды яшчэ навучае ёй мясцовы люд!

Сучасны раённы цэнтр Свіслач мала нагадвае мястэчка часоў Тышкевіча ці Каліноўскіх. Адзінае, што засталося нязменным – гэта дух вальнадумства і незалежнасці, які характарызуе мясцовых актывістаў нацыянальнага руху. 

Ад будынку самой гімназіі ацалела толькі трэцяя частка – левы флігель. “Былі калісьці тут палацы, былой гімназіі муры, ды час прыйшоў і людзі працы іх разабралі на хлявы” – напісаў ў сваёй паэме мясцовы паэт Анатоль Валюк. На месцы былога гмаху пабудаваная дзіцячая паліклініка, ацалелая частка гімназіі таксама прыстасавана да лякарных патрэбаў.

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара