Свіцязь – сэрца Наваградчыны



Унікальнае прыроднае возера з’явілася на Наваградскай зямлі ў глыбокай старажытнасці – каля дзесяці тысяч гадоў таму. Можна сказаць, што гэты вадаём невялічкі – ягоная плошча не перавышае 2,2 квадратныя кіламетры, а сярэдняя глыбіня сягае тры з паловай метры. Свяцязь славутае ў нашым эпасе сваёй легендай, надзвычай таленавіта ўвасобленай у творчасці найперш Адама Міцкевіча. Нездарма гэтае возера называюць сэрцам Наваградчыны. У старажытным паданні пра горад, які пайшоў разам з жыхарамі на дно, каб не дастацца ворагам-заваёўнікам, верагодна пераплецены сапраўдныя гістарычныя падзеі з багатай народнай фантазіяй, рэальнае змаганне з даўнімі ўяўленнямі пра годнасць і гонар. Ці існаваў нібыта міфічны горад Свіцязь? Прынамсі, мясцовыя краязнаўцы раней ведалі таямнічую каменную дарогу, якая вяла па дне возера. Пра гэта, прыкладам, пісаў ведамы прыродазнавец дзявятнаццатага стагоддзя Бенядыкт Дыбоўскі, які прыкладаў нават адмысловую мапу. Ужо сучасная адмысловая экспедыцыя не так даўно таксама выявіла рэшткі гэтай загадкавай брукаванкі. Адна з гіпотэзаў даводзіць, што некалі пасярод возера было паганскае, магчыма яшчэ даславянскае, капішча. У кожным разе дзівоснае возера Свіцязь пакуль захоўвае свае таямніцы.

Мала дзе ў Беларусі можна знайсці ваду такой празрыстасці, у якой выразна відаць кожны каменьчык і такога жаўтаватага адцення, такога адбітку, які дае лагодны, неверагодна мяккі пад нагамі жвірок. Нідзе напэўна не ўбачыш і такіх схіленых да азёрнага люстэрка дрэваў, ужо амаль карчоў і зусім яшчэ жывых, якія нібы самы імкнуцца да чароўнай вады, такога атачэння і “аховы” асілкаў-дубоў. Таму фотаздымкі, зробленыя ў гэтай мясціне, лёгка пазнаюцца тымі, хто хоць раз тут пабываў. На Свіцязі кожны шукае і адкрывае для сябе нешта сваё – хто вабныя краявіды, хто сакральнае Месца сілы, хто міфічную свіцязянку, а хто і сучасных наваградскіх німфаў.

Пра каштоўнасць Свіцязі сведчыць той факт, што тут растуць такія рэлікты як “чырвонакніжныя” Лабелія Дортмана (дарэчы, моцны алкалоід), палушнік азёрны. Тут можна выявіць Тэтрадыніум Яванікум. Апошняя назва яскрава паказвае, што паходзіць гэтая расліна зусім з іншых шыротаў – з вострава Ява. Як яна трапіла сюды ў нетры наваградскай зямлі і вады з далёкай Інданезіі – таксама вялікая загадка.

Бясспрэчна, што Свіцязь робіць чалавека хоць крыху лепшым, гэтае таямнічае возера міжволі і неўпрыкмет змушае задумацца пра сэнс нашага існавання, пра хараство створанай Богам прыроды, пра тое, што ўсё некалі сыходзіць на дно і адраджаецца ўжо ў іншым абліччы. Свіцязь – гэта не проста вадаём, Свіцязь – гэта рэінкарнацыя, гэта сувязь з іншым светам, гэта найвышэйшая прыродная эстэтыка і пошук душэўнай гармоніі.

Апошнім часам улетку да возера не прабіцца, каб пабыць у самоце, трэба ўвогуле прыязджаць у іншую пару году. Навукоўцы пачынаюць біць сапраўдную трывогу, бо людская неахайнасць, хамства і няўдзячнасць пагражаюць дзівоснаму прыроднаму стварэнню сур’ёзнай экалагічнай катастрофай. Свіцязянскі ляндшафтны заказнік пад пагрозай занядбання і патрэбнае ўжо дзяржаўнае ўмяшанне, каб захаваць яго для нашчадкаў. Каб зноў, прыехаўшы сюды дзвесце гадоў пасля вялікага паэта, кожнаму з новага пакалення “між дрэў, бы ў вяночку, адкрылася воку там возера Свіцязь, як дзіва…”.

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара