Святочны парад гістарычных трамваяў у Лодзі


23 снежня 1898 года ў Лодзі стартаваў першы электрычны трамвай, а сама Лодзь стала першым горадам у Каралеўстве Польскім, дзе пачалі хадзіць электрычныя трамваі, на 10 год раней за Варшаву. З гэтай нагоды ў мінулую нядзелю, нягледзячы на снегапад і даволі такі марознае надвор’е, у Лодзі прайшоў парад старых трамваў, прымеркаваны да 125-годдзя з заснавання грамадскага транспарту ў горадзе.



Акрамя непасрэдна трамваяў у парадзе ўдзельнічалі і старыя аўтобусы, сярод іх знакаміты Jelcz043.


Гэтая дата вельмі значная для Лодзі, акрамя 125-годдзя гарадской камунікацыі ў гэтым годзе споўнілася 30 гадоў гарадскому камунікацыйнаму таварыству, дзейнасць якога пачалася з 1 студзеня 1993 году. Супрацоўнікаў таварыства лёгка было пазнаць па карпаратыўных шапках „Мігаўка” – так называцца электронная безкантактовая карта для праезду ў грамадскім транспарце ў Лодзі.



Удзельнікам святочнага праезду раздавалі спецвыпуск інфармацыйнага бюлетэня, надрукаванага на добрай мелаванай паперы, з гістарычнымі звесткамі пра ўзнікненні лодзскай гарадской камунікацыі.



З сувеніраў можна было набыць паштоўкі „Клубу прыхільнікаў старых трамваяў” і старыя картонныя нумары гарадскіх маршрутаў, у сучасных трамваях цяпер ўсё электроннае.
Транспартная калона з Лодзі Фабрычнай заехала ў Рэткіню, потым – на другі канец гораду Відзэў і завершыла падарожжа, вярнуўшыся ізноў на Лодзь Фабрычную, дзе ўдзельнікаў сустрэў музычны калектыў.




На завяршэнне святочнага мерапрыемства ўдзельнікам быў прапанаваны агульны здымак на памяць, але пра гэта не ўсе змаглі даведацца, таму на ім толькі нязначная частка тых, хто зімовай снежнай нядзеляй выбраўся з дому, каб выправіцца ў падарожжа на „трамваі часу” і адчуць подых мінуўшчыны.

Больш даведацца пра старыя трамваі можна як непасрэдна ў Музеі камунікацыі Лодзі, які працуе з 2006 году, так і на яго інтэрнэт-старонках muzeum.mpk.lodz.pl
Яніна Стэфанчук, Беларускае Радыё Рацыя
