Сядзіба Беліковічаў пад Полацкам
Адзін з самых маляўнічых і занядбаных куткоў у ваколіцы Полацка. Сядзіба Беліковічаў месцілася на левым высокім беразе Дзвіны ў Экімані, адкуль цудоўная панарама на Полацак.
Пісьменнік Ян Баршчэўскі, выхаванец Полацкай калегіі езуітаў, у 1844 годзе ў нарысе „Полацак” з цеплынёю згадвае Экімань – „маёнтак паноў Беліковічаў ля самае Дзвіны на стромкім беразе ў прыгожай мясціне”. Вакол сядзібы быў невялікі парк і разлеглсад. У парку знаходзіліся родавыя могілкі ўладальнікаў маёнтку, яшчэ да ІІ-й Сусьветнай вайны тут захоўваліся склепы. На захад ад мястэчка на землях, што належалі гаспадарам маёнтку, раней стаяла блізу 30 курганоў VІІІ-Х стст. У сярэдзіне ХІХ ст. тут, у маёнтку Беліковіча, падчас раскопак аднаго з курганоў быў знойдзены паганскі стод вышынёй 104 см, які пазней гісторык Адам Кіркор перадаў у Віленскі музей старажытнасцяў.
Цяпер тут поўнае занядбанне: заросшы стаў з выспай пасярэдзіне, асобныя дрэвы былога парку, рэшткі сядзібы і прысядзібных пабудоваў, у тым ліку гаспадарчых склепаў.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Васіля Кроквы