Сядзіба ў Шчорсах – надзея на адраджэнне



Сярод нашых разбураных замкаў і фальваркаў у асобны шэраг можна паставіць Шчорсаўскую сядзібу на Наваградчыне. Яна ляжыць у баку ад асноўных турыстычных шляхоў і вельмі працяглы час нікому не было да яе ніякай справы. А між тым раней тут быў сапраўдны еўрапейскі цэнтр культуры. Зараз сядзіба пераважна ў занядбаным стане, але ўрэшце з’явілася нейкая надзея на яе рэстаўрацыю і адраджэнне.

У Беларусі больш-менш ведаюць пра Сапегаў і Радзівілаў, род жа Храптовічаў для шырокага кола зусім нязнаны. А вось адукаваныя людзі нашага краю ў васямнаццатым-дзявятнаццатым стагоддзях імкнуліся ў Шчорсы, каб патрапіць у знакамітую тамтэйшую бібліятэку. Так праз гэтае мястэчка прайшлі шляхі многіх ведамых віленскіх і варшаўскіх навукоўцаў, філаматаў, а адзін з іх – Ян Чачот атрымаў тут сталы прытулак і працу ў цяжкі перыяд свайго жыцця. Менавіта ў той час Чачот выдаў два зборнікі беларускіх народных песень.

Наведваў Шчорсаўскую сядзібу і апошні манарх Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Да шчорсаўскай архітэктуры прыклалі рукі італійскія дойліды Джузэпэ Сака і Карла Спампані, а таксама французскі Якуб Габрыэль. Іх высілкамі паўсталі сядзіба ў стылі позняга барока і царква. Была тут і “шчорсаўская восень” Адама Міцкевіча, які ўшанаваў мясцовасць у сваёй паэзіі.   

Пачынаў ствараць знакамітую бібліятэку Яўхім Літавор Храптовіч – чалавек шырокіх інтарэсаў, ведамы дзяржаўны дзеяч, які паездзіў па Еўропе, дзе спазнаў ідэі асветніцтва, а таксама прагрэсіўныя метады развіцця сельскай гаспадаркі. Спярша збор захоўваўся ў Варшаве, а ў Шчорсы ён быў перавезены, калі там паўстала шыкоўная сядзіба. Міцкевіч, выбіраючы імя герою сваёй паэмы “Гражына”, відавочна наўмысна назваў літаратурнага князя Літаворам.

Яўхім Храптовіч правёў у сваіх маёнтках Шчорсы і Вішнева сапраўдныя рэформы, фактычна скасаваў прыгоннае права, уводзіў дзейсныя аграрныя навінкі. Ягоны сын, “Шчорсаў гаспадар руплівы” – граф Адам Храптовіч, удзельнік паўстання Касьцюшкі – прадоўжыў справу бацькі. Бібліятэчны збор рос і павялічваўся. Калекцыя ўражвала сучаснікаў сваёй разнастайнасцю і велічынёй збору. На 1880-ы год у ёй было каля 26 тысяч тамоў. Арыгінальныя і капіяваныя архіўныя крыніцы налічвалі агулам больш 150 асобнікаў. Асобную частку бібліятэкі складалі гравюры, якіх было каля 7 тысяч. Адам Храптовіч, як і бацька англаман, таксама пабудаваў для Шчорсаў шпіталь і лянкастарскую школу.

Апошні ўладаннік фальварку Канстанцін Храптовіч-Буцянёў перад першай сусветнай вайной перадаў вялікую частку кніг Кіеўскаму ўніверсітэту. Праўда, у тастаманце было сказана, што яны мусяць вярнуцца на радзіму, калі ў нас паўстане свой універсітэт. У час другой сусветнай кнігі з Кіева былі эвакуяваныя ў Уфу. Палова з іх у час перавозак па афіцыйнай версіі прапала. Рэшта так і не вярнулася ў Беларусь. А тая частка, якая заставалася ў Шчорсах, калі ў 1939-ым годзе прыйшлі бальшавікі, была спаленая гэтымі дзікунамі-варварамі.

Храптовічы дагэтуль не ўшанаваныя ніяк. А колішняе іх гняздо доўга заставалася занядбаным і разбуралася. Летам тут былі сапраўдныя зараснікі расліннасці. Аднак, апошнімі гадамі сітуацыя стала мяняцца да лепшага. Некалькі сезонаў прыбіраннем шчорсаўскай сядзібы і парадкаваннем наваколля займаліся валанцёры. Цяпер тэрыторыя ў значнай ступені пачышчана і даступная нешматлікім пакуль турыстам.

За апошнія гады паўстала аднайменная сядзіба “Шчорсы”, выстаўлена на агляд экспазіцыя са старых фотаздымкаў, якая дае ўяўленне пра мінулае гэтага славутага архітэктурнага комплексу. Працуе фонд “Шчорсы і Храптовічы”. Ажно 5 будынкаў былога архітэктурна-паркавага ансамблю прадаюцца.

Рупліва папрацавалі моладзевыя валанцёры і на “філіяле” шчорсаўскай сядзібе – так званай “Мураванцы Храптовічаў”, колішнім гаспадарчым двары. Прыкладам, летась тут прайшоў летнік, які арганізавалі сябры дабраахвотнага Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Былыя гаспадарчыя будынкі не ў лепшым стане, пераважна без дахаў, але ачышчаны зараз ад друзу і зарасніку.

 Так што надзея на тое, што ўрэшце “з-за Шчорсаў выплыве світанне”, становіцца больш рэальнай.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара