Сядзіба Віктара Маркаўца і Таццяны Гаранскай у Заслаўі



Напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя шэраг вядомых беларускіх мастакоў пакінулі тлумны Менск і стварылі сабе майстэрні ў зацішных маляўнічых кутках Беларусі. У большасці гэта былі вясковыя хаты, дзе мастакі працавалі пераважна ў летні перыяд.

Інакш зрабілі мастак Віктар Маркавец і яго жонка мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская – яны купілі дом у Заслаўі і пераехалі туды жыць стала, стварыўшы на базе набытай хаты адмысловую арт-сядзібу. Адбылося гэта ў 2003 годзе.

DSC04370

Віктар Маркавец

Як распавядае Таццяна Гаранская: “Уся аздоба дома і шматлікія арт-куточкі ў двары зробленыя Віктарам з артэфактаў, знойдзеных на развалінах храмаў і сядзібаў па ўсёй Беларусі: жорны, пушачныя ядры з наваколляў заслаўскіх фартыфікацый, старажытная дахоўка з Вільні, Кракава, Заслаўя, рэшткі ўрэцка-налібоцкага шкла, якія падаравалі нам студэнты пасля практыкі ў Налібоках, скульптурныя выявы Рагнеды (аўтар Тамара Васюк), і Алены Кіш (Аляксандра Шатэрніка), шматлікія ўзоры кавальства, адрэстаўраваныя народныя музычныя інтрстументы і шмат чаго іншага”.

Не менш адметна выглядаюць і ўнутраныя інтэр’еры дома, дзе захоўваецца асноўная спадчына мастака, які пайшоў з жыцця ў 2013 годзе. І гэта не толькі карціны, фотаздымкі і графічныя эксізы. Але таксама біблятэка, сабраныя мастаком этнаграфічныя матэрыялы, літаратурныя творы і нават рукапісныя кнігі.

Таццяна Гаранская марыць стварыць у Заслаўі адмысловую культурніцкую ўстанову – галерэю Віктара Маркаўца, якая будзе і надалей апекавацца спадчынай славутага мастака.

[Not a valid template]

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара