Сяргей Апановіч: Уезд ужо абмежавалі



Карэспандэнт Радыё Рацыя ў Грузіі Сяргей Апановіч распавядае пра абстаноўку ў краіне ў сувязі з мабілізацыяй расейцаў і іх міграцыяй.

РР: Чаму расейскія мужчыны прызыўнога ўзросту, якія ўцякаюць ад мабілізацыі, накіраваліся вялікім патокам у  такі пункт Верхні Ларс? Гэта пункт на мяжы Грузіі і Расеі, наколькі я разумею., так?

Сяргей Апановіч: Так. Гэты пункт непадалёк ад расейскага горада Уладзікаўказ. Ён застаўся адзіным пунктам, праз які зараз можна ехаць. Астатнія два пункты, якія працавалі да вайны, да пачатку лютага, да гэтай фазы вайны з Украінай, зачыніліся. І застаўся адзін пункт каля горада Уладзікаўказ, які зараз працуе вельмі марудна і працуе такім чынам, што чарга на гэтым пункце доўжыцца каля 20 кіламетраў зараз. Ужо чацвёрты дзень чарга, звязана гэта з мабілізацыяй. І едуць не толькі мужчыны, а і жанчыны з дзецьмі.

РР: То-бок едуць сем’ямі?

Сяргей Апановіч: Не толькі сем’ямі, а напрыклад, муж у войску, а жанчына з дзіцём едзе ў Грузію, каб яго чакаць з вайны. Ці ён будзе паранены, ці ён проста будзе пасля перабірацца неяк у Грузію. Вельмі шмат сем’яў з розных рэгіёнаў Расеі выбіраюцца праз гэты пункт. Ужо прыехала ў Грузію па папярэдніх дадзеных каля 50 тысяч. Хоць ёсць такія нядобрыя прагнозы пра тое, што можа паўмільёна расейцаў праехаць праз Уладзікаўказ на тэрыторыю Грузіі.

РР: Ёсць ужо і неафіцыйная інфармацыя, што Грузія можа абмежаваць уезд у бліжэйшыя дні для пэўнай узроставай катэгорыі расейцаў.

Сяргей Апановіч: З учорашняга дня ўжо абмежавалі ўезд. Зараз не пускаюць два рэгіёны Расеі – не пускаюць буратаў і чачэнцаў, якія павінны былі ўехаць на тэрыторыю Грузіі. Гэта звязана з тым, што, напрыклад, у Чачні мабілізацыі няма ад слова “зусім”.

РР: Кадыраў сказаў, што яны ўжо перавыканалі план у тры разы.

Сяргей Апановіч: Так, Рамзан Кадыраў сказаў, што яны выканалі мабілізацыю на 250 з нечым адсоткаў. І тут у Грузіі вельмі не любяць чачэнцаў, якія палезуць на тэрыторыю Грузіі, таму што частка з іх ваявала ў вайне 2008 года. І гэта будзе бачна, калі яны сюды палезуць.

РР: Трэба ўдакладніць, што менавіта кадыраўцаў.

Сяргей Апановіч: Так, менавіта кадыраўцаў, тых, якія за Расею. Да тых, хто за свабодную Ічкерыю, па-іншаму тут ставяцца.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя