Сярод полацкіх лясоў і азёраў
Часам пачуеш такую думку, што зімой на беларускіх базах адпачынку, якія знахозяцца ў лясной зоне, сумна, бо няма чым заняцца – ані па грыбы схадзіць, ані на лодцы пакатацца, ані на ровары. А вось база адпачынку “Дзікая качка” (DUCK LAKE), якая знаходзіцца на Полаччыне на беразе маляўнічага возера Суя, не наракае на адсутнасць жадаючых адпачыць. Найперш сама зімовая беларуская прырода – ці не галоўная прыгажосць гэтай пары года. А па-другое, па грыбы і ягады сапраўды не сходзіш, але можна, напрыклад, схадзіць на зімовую рыбалку, пасля якой з адмысловым задавальненнем наведаць лазню, якая месціцца на сам беразе возера.
Побач з базай адпачынку яшчэ адно славутае возера Полаччыны – Янова, на беразе якога знаходзіцца легендарны так званы беларускі Стоўнхэндж. Тут можна пабачыць групу вялікіх камянёў, якія выкладзены літарай „П”. Зімой, канешне, не зусім зручна тое месца і наведваць, і аглядаць, але зімовая вандроўна на возера Янова ўсё роўна прынясе масу задавальнення.
Ну і асаблівасць гэтай базы адпачынку – адмысловыя, нечуваныя для Беларусі, бытавыя зручнасці ў доміках для пражывання. Тут ёсць не толькі душавыя кабіны, але нават сучасныя пральныя і пасудамыйныя машыны. Што сярод полацкага векавечнага хваёвага лесу і азёрных чаратоў успрымаецца фантастычна.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара