Тамашоўка: між дзвюх краін у трэцяй



Калі вы любіце ездзіць уздоўж мяжы, то вам адназначна трэба завітаць сюды. Чаго-чаго, а меж вакол Тамашоўкі хоць адбаўляй. Тамашоўка знаходзіцца ў своеасаблівым апендыксе краіны на паўднёвым Захадзе, і з двух бакоў гэтую вузкую палоску зямлі аточваюць тэрыторыі суседніх дзяржаў – Польшчы ды Украіны. У выніку да польскай мяжы з Тамашоўкі 3 кіламетры (па словах мясцовых, яшчэ менш), да украінскай – і ўвогуле 1,5.

Зразумела, што сама мяжа не з’яўляецца турыстычнай атракцыяй, нават лепш трымацца ад яе далей, каб пазбегнуць казусаў з памежнай службай. У гэтым плане свабодным для наведвання з’яўляецца толькі міжнарожны пункт пропуску “Тамашоўка” на беларуска-ўкраінскай мяжы. Раней з Тамашоўкі можна было вольна перайсці і ў Польшчу, аднак было тое яшчэ да вайны. У пачатку вайны немцы – прынамсі так расказваюць мясцовыя – узарвалі чыгуначны мост на спалучэнні “Берасце – Хэлм”, і пасля вайны яго ўжо не аднаўлялі. Няма тут і аўтамабільна-пешага перахода. Польская Уладава, прадмесцем якой была калісьці Тамашоўка, у бестуманнае надвор’е адсюль добра відаць, але каб у яе трапіць, мясцовым трэба 25 км ехаць да перахода “Дамачава” толькі ў адзін бок. Па размовах з людзьмі адчуваецца, што Тамашоўка хацела б мець наўпроставае спалучэнне з Польшчай. “Усё абяцаюць нам, абяцаюць, што зробяць пераход, але воз і цяпер там”, – кажа на вуліцы карэнны жыхар сярэдняга веку. “Хацеў бы я яшчэ хоць разок пабываць ва Уладаве, – марыць 92-гадовы ветэран, дзяцінства якога прыпала на час знаходжання Тамашоўкі ў складзе міжваеннай Польшчы. – Я ж туды і ў царкву, і ў касцёл хадзіў. Цікава было б зірнуць, які цяпер гэты горад”.

На напамін або здзек над тамашоўцамі, якіх гвалтам адлучылі ад суседзяў з заходняга боку, засталася назва чыгуначнай станцыі ў Тамашоўцы – “Уладава”.

1_rejkiЧыгунка раней вяла ў Польшчу, а цяпер заканчваецца проста пасярод Тамашоўкі.

Так выпала, што самыя знакамітыя мясціны ў Тамашоўцы так ці інакш з’яўляюцца могілкамі. Самыя старыя з іх – вайсковыя могілкі часоў Першай сусветнай вайны, якія маюць міжнародны ахоўны статус.

2_mogilki

Згодна з таблічкай на старой браме з чырвонай цэглы, тут спачываюць 1346 салдат Расейскай імперыі, кайзераўскай Германіі і Аўстра-Венгрыі.

3_mogilki

Могілкі дагледжаныя, упрыгожаныя, як і ўсё ў Тамашоўцы, соснамі, таму пахадзіць паміж надмагілляў і паспрабаваць расчытаць там імёны ахвяр вайны досыць цікава.

4_mogilki

Калі зірнуць на могілкі агульным планам, кідаецца ў вочы агульная ваенная заканамернасць, на якую нястомна звяртаў увагу летапісец першай сусветнай Рэмарк: амаль усе забітыя – гэта шарагоўцы, афіцэраў сярод іх лічаныя адзінкі.

5_mogilki

Тамашоўка як населены пункт з’явілася на мапе краю толькі ў канцы 19-га стагоддзя, але дзякуючы свайму становішчу ля горада, а таксама дзякуючы чыгуначнай станцыі і шпалапрапіткаваму заводу, у міжваенны час насельніцтва мястэчка ўзрасло ажно да 4000 чалавек. Большасць з іх складалі палякі ды габрэі, якія неўзабаве загінулі ў тамашоўскім гета. Старэйшыя тамашоўцы добра тое гета памятаюць і паказваюць, у межах якіх вуліц яно размяшчалася. 92-гадовы Антон Карпюк прыгадвае, што немцы строга забаранялі беларусам падыходзіць туды і размаўляць з жыдамі, не кажучы пра тое, каб прыносіць ім есці. І ўсё ж ён, юнак, адважыўся намалоць і перадаць небаракам мукі. Праўда, жыццём Антон рызыкаваў не бясплатна – муку ён абмяняў на ручны гадзіннік.

“Жыды павінны былі збіраць золата праз нейкі час. Кожны месяц, ці як… не памятаю. Ім казалі, калі не будуць збіраць, то заб’юць. І вось старэйшы з жыдоў хадзіў і збіраў усякія ўпрыгожанні. А ўсё роўна расстралялі”, – успамінае жвавы дзед Антон. Кажа, што добра памятае і той дзень, калі жыдоў павялі на расстрэл. Бачыў, што людзей падвялі да выкапанага перад вайной чырвонаармейцамі супрацьтанкавага рова, і там па партыях стралялі. Закопвалі самыя моцныя хлопцы, таксама з жыдоў. Іх забілі апошнімі. “Галоўнае, што метраў за сто ад рова лес быў, – прыгадвае як далёкую жыццёвую прыгоду дзед Антон, – дык ніводны не ўцёк. Рускія ўжо ўсе паразбягаліся б. Тых немцаў жа не так і шмат было, калі кінуцца ўроссып, то шмат хто выжыў бы. Але яны не ўцякалі, казалі, што заслужылі такое пакаранне”.

22_karpiukАнтон Карпюк - сведка многіх старонак тамашоўскага летапісу.

Пра трагедыю ў тамашоўскім гета памятаюць усе, хто быў ёй сведкай нават у самых маладых гадах. Цяперашняй бабулі Ніне Сівоха, якую сустракаем на адной з вуліц непадалёк ад былога гета, тады было ўсяго 6. Але той дзень памятае добра і не забывае дадаць: “У старыну ўвесь час пераказвалі, як шавялілася ў тым рове зямля”.

На месцы расстрэлу цяпер ёсць помнік, якраз непадалёк ад беларуска-ўкраінскага памежнага перахода. Але яго здымкі лёгка знайсці ў інтэрнэце, таму мы кіруем да іншага габрэйскага захавання – старых могілак, звычайна не пазначаных ні на якіх турыстычных картах.

7_kamiani

Дарогу да іх паказаў нам адзін з мясцовых, папярэдзіўшы, што іх можна і абмінуць. Сапраўды можна, бо могілкі па габрэйскай традыцыі знаходзяцца ў пералеску за вёскай. За імі няма каму сачыць, таму рэшта камянёў проста хаатычна валяецца, зарастае мохам. Далёка не адразу можна западозрыць у іх могілкі, але надпісы на камянях падказваюць, што па лесе і пяску мы бадзяліся не дарэмна.

8_kamianiРаскіданыя па прыбужным лесе мацэвы памятаюць часы, калі Тамашоўка была густа заселена жыдамі.

На жаль, жыдоўская нацыянальная трагедыя не адзіная, якую змяшчае гісторыя Тамашоўкі. Ужо амаль не засталося сведкаў расправы над палякамі, якая адбывалася напярэдадні савецка-германскай вайны, у час вайны і пасля яе, пакуль палякі не рэпатрыяваліся ў Польшчу. Але ў размовах старых можна пачуць, напрыклад, такое: “У маёй цёткі муж паляк быў, дык вымушаны яны былі ўцякаць, бо шмат палякаў тут перабілі. Быў тут такі Кіруша, асабліва стараўся. У час вайны партызанам быў, людзей грабіў”, – гучыць у аповедзе Ніны Сівохі. “Быў тут такі Кірыл. Колькі ён палякаў маладых расстраляў… – стрымана згадвае Антон Карпюк. – Страляў і здымаў з іх адзежу. Яму казалі так рабіць”. Казалі, напэўна, калегі-“партызаны”, якім трэба было ў нешта апранацца.

Цяпер пра палякаў у Тамашоўцы згадваюць нячаста, прынамсі не ў такім трагічным кантэксце, але старыя дамы з мансардамі, яўна яшчэ даваенныя, не называюць іначай, як польскімі.

9_damyНовыя дамы ў Тамашоўцы будуюцца такімі, як і ўсюды.
10_damyАле між іх не-не і мільгне стары польскі дамок.

Кірушу-“партызана”, да слова, пахавалі ў вельмі прыстойным узросце з усімі ўрачыстасцямі, нават стрэламі са зброі. Толькі вось ніхто з мясцовых праважаць бандыта ў апошні шлях не пайшоў. Каб не склалася ўражанне, што Кіруша, які зрабіў паспяховую партыйную кар’еру, не любіў адно палякаў, скажам, што цярпелі ад яго ўсе, свае ў тым ліку. Але страляць сваіх усё ж не лічылася праявай патрыятызму. Як расказвае Антон Карпюк, Кірыл не здаў пасля вайны зброю, хадзіў па сведках сваіх злачынстваў і пагражаў. “Нават мне казаў: “Калі не хочаш у турму, то сябруй са мной”. Але што я дрэннага рабіў?”

Вайна ў Тамашоўцы была спрэчная і пакутная. Немцы прайшлі хутка, але цягам гэтых трох год паспела загінуць шмат народу ад рук адных ці другіх. Але нідзе ў Тамашоўцы мы не знойдзем помніка мірным ваенным ахвярам, за выключэннем жыдоў. Ёсць толькі класічны, няшчыра штампавы помнік загінулым памежнікам, ля якога з нядаўнага часу “пасялілася” магіла чырвонаармейца, чые парэшткі знайшлі колькі год таму пры будаўнічых працах.

11_pomnikПомнік памежнікам не прымушае спыняцца ля яго доўга. Такія ж помнікі ёсць ва ўсіх вялікіх вёсках.

Вёска Тамашоўка, хоць і маладая, але пабачыла на сваім вяку шмат. Затое сёння яна, як тая шляхцянка, апранута ў асфальт і заможнасць іншым аграгарадкам на зайздрасць. Адбылося гэта не без старанняў былога старшыні Нацбанка Пятра Пракаповіча. Але гэта, як кажуць, зусім іншая гісторыя.

Кожны турыст можа прывесці іх з Тамашоўкі не адну.

Беларускае Радыё Рацыя