Татарбунары
Татарбунары – украінскі горад ў 165 кіламетрах ад Адзесы ў рэгіёне, які мае назву Паўднёвая Бесарабія. Гэты рэгіён адметны дынамічнай гісторыяй знаходжання ў складзе імперыяў і дзяржаваў, што абумовіла разнастайнасць этнічнага складу насельніцтва.
Помнік Тарасу Шаўчэнку ў цэнтры Татарбунараў, кастрычнік 2017 года.
У Х-ХІ стагоддзі рэгіён уваходзіў у склад Кіеўскай Русі, у XII-XIII ст. – Галіцка-Валынскага княства, з XIV ст. – Малдаўскага княства, з XVI ст. – Атаманскай імперыі, па Бухарэсцкай мірнай дамове 1812 года ўвайшоў у склад Расейскай імперыі. У 1920 г., паводле Бухарэсцкага пратаколу паміж краінамі Антанты і Каралеўствам Румынія, Паўднёвая Бесарабія была перададзена Румыніі; у 1940 г., паводле пакта Молатава-Рыбентропа, была акупаваная СССР і стала часткай Малдаўскай АССР (з пераўтварэннем апошняй у Малдаўскую ССР), у той час як Ізмаільскі, Аккерманскі і Хоцінскі паветы былі далучаны да Украінскай ССР. У 1991 годзе насельніцтва Паўднёвай Бесарабіі пераважнай большасцю галасоў прагаласавала за незалежнасць Украіны.
Тут вельмі смачная кава і піражкі.
Указальнік у цэнтры Татарбунараў указвае тры асноўныя накірункі.
Назва Татар-Бунар азначае „татарская крыніца” (ці фантан). Фантан ці гейзеры сапраўды біў з-пад ўгор’я, на якім ляжалі руіны старажытнай фартэцыі. Да пачатку 20-га стагоддзя тут быў завод мінеральнай вады, але пасля землятрусу напор вады зменшыўся.
Рэчка Фантанка цячэ праз цэнтр горада.
У верасні 1924 года ў Татарбунарах адбылося сялянскае паўстанне, інспіраванае ЧК, накіраванае супраць румынскіх уладаў. Татарбунарскія камунары пратрымаліся тры дні.
Помнік камунарам, зроблены ў 1974 годзе да юбілею антырумынскага паўстання.
У верасні 1924 года падчас паўстання забітых камунараў налічваліся тысячы. А той, хто ацалеў, падвергліся суду – «працэс пяцьсот». Ён вёўся пры зачыненых дзвярах, аднак інфармацыя пра суд абудзіла міжнародную салідарнасць і сусветную грамадскасць. Голас у абарону асуджаных узнялі і Анры Барбюс, і Бернард Шоу і Альберт Эйнштэйн, Тэадор Драйзер і Рамэн Ралан, Томас Ман, Луі Арагон ды іншыя прадстаўнікі навукі і культуры.
У выніку міжнароднай падтрымкі большасць арыштаваных камунараў былі адпушчаныя на волю. Тэрміны, ад пяці гадоў да пажыццёвага зняволення, атрымалі 85 абвінавачаных.
Беларускае Радыё Рацыя