Таццяна Грыневіч пасля Х’юстана наведала беларусаў Мінеапаліса



Беларуская спявачка Таццяна Грыневіч працягвае творчыя гастролі па гарадах ЗША. Чарговая сустрэча ў яе адбылася з беларусамі ў Х’юстане (штат Тэхас). Сустрэчы беларусаў у Х’юстане праходзяць не часта, таму яны вельмі каштоўныя самі па сабе. А візіт Таццяны Грыневіч да беларусаў у гэты далёкі амерыканскі горад аказалася сапраўдным святам і вялікай радасцю.

Выступленне беларускай спявачкі было разнастайным і шчырым. Яна выканала песні на словы беларускіх паэтаў-класікаў, правяла шэраг гульняў, танцаў, разам з беларускімі дзеткамі спявалі дзіцячыя песні, а таксама ўсе разам выканалі “Купалінку” і “Тры чарапахі”. Кожны з прысутных беларусаў прымаў удзел ва ўсіх конкурсах і гульнях, якія праводзіла госця з Беларусі. А самае галоўнае, па словах Таццяны, што яна прывезла ў Х’юстан беларускае слова, да якога прагне кожная душа беларуса-эмігранта.

З Х’юстана беларуская спявачка дабралася да Мінеапаліса. Канцэрт у Мінеапалісе адбываўся ў памяшканні пратэстанцкай царквы. Спявачка распачала сустрэчу песняй, прысвечанай маці Божай „Аве Марыя” на словы Зянона, музыку да якой напісаў Ігар Лучанок. Артыстка таксама выканала песні “Зорачкі” Сяргея Новіка-Пеюна, “Я не ганю землі чужыя” на словы Генадзя Бураўкіна, “Аксамітны летні вечар” і “Развітанне з Радзімай” Сержука Сокалава-Воюша. Гэта быў блок песень пра тугу па Радзіме ў эміграцыі. Перад канцэртам высветлілася, што адзін з прысутных беларусаў грае на гітары, а другі на фано, то ўсе разам дамовіліся і падрыхтавалі чатыры пратэстныя песні, каб зайграць разам, і ўся зала іх падпявала А спявалі “Купалінку”, “Грай”, “Простыя словы”, “Тры чарапахі”. Як заўжды ў Мінеапалісе не абыйшлося без народных гульняў і танцаў. Пасля сустрэчы дамоў беларусы вярталіся з узнёслым настроем.

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара