Таццяна Мірашэвіч: Антыкрызісныя вандроўкі застануцца актуальнымі



Восень — добры час для вандровак. Але ў сувязі з каронавірусам, палітычным ды эканамічным крызісам жыхарам Берасцейшчыны, як і ўсёй краіны ў цэлым, застаецца толькі будаваць маршруты па родных мясцінах.

Як гэта правільна зрабіць і што варта ўлічваць, распавяла „Госць Рацыі” берасцейская краязнаўца Таццяна Мірашэвіч:

РР: Як вы лічыце, у чым асаблівасці восеньскіх вандровак?

– У восень змяняецца надвор’е, таму трэба заўсёды рыхтавацца грунтоўна. Таксама плюсам вандровак увосень можна адзначыць тое, што некаторыя пабудовы, якія мы не можам разгледзець дэталёва ўлетку, мы можам іх пабачыць увосень. Можна абысці з усіх бакоў тыя ж нашыя закінутыя сядзібы, палацы і добра разгледзець іх.

РР: Вашыя парады. Якія топ 3 накірункі ў Берасцейскай вобласці?

– Я б параіла накіравацца па патрыятычным маршруце. Па месцах паўстанцаў часоў паўстання Кастуся Каліноўскага. Таксама тут мы можам закрануць асобу Элізы Ажэшкі. Гэта Драгічын за Казельскам, дзе існуе капліца-пахаванне роду Ажэшкаў. Далей накіравацца ў Ляхавіцкі раён, дзе знаходзіцца Фларыянава – гэта сядзіба Бохвіцаў. Там таксама ў свой час была знакамітая Эліза Ажэшка, а скончыць маршрут можна ў Баранавіцкім раёне ў Мілавідах. Там знаходзяцца два цікавыя помнікі-знакі паўстанцам, а праз дарогу помнік расейскім жаўнерам.

РР: Якія гісторыка-культурныя аб’екты варта наведаць у Берасці ды ваколіцах?

– У ваколіцах Берасця варта наведаць Скокі, дзе месціцца сядзіба Нямцэвічаў. У Высокім паглядзець Палац Патоцкіх. У Воўчыне касцёл, дзе калісьці знаходзіліся парэшткі апошняга караля Польшчы. Таксама ў самім Берасці не будзе лішнім наведаць нашыя музеі. Пасля працяглага каранціна ў іх мала наведвальнікаў, таму яны будуць радыя, а ўся ўвага будзе накіравана менавіта на вас. Гэта краязнаўчы музей і Музей гісторыі горада, Мастацкі музей, Музей Берасцейскай крэпасці.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Таццяна Мірашэвіч звярнула ўвагу, што такія антыкрызісныя вандроўкі яшчэ доўгі час будуць заставацца актуальнымі. Як мінімум да вясны або лета наступнага году.

Беларускае Радыё Рацыя