Таццяна Цагельнік-Окіцу: Беларусы Японіі сталі часцей збірацца анлайн
Часцей збірацца анлайн сталі беларусы Японіі. Такі плюс дала эпідэмія ў Японіі. З мінусаў — як і ва ўсім свеце былі ўведзеныя каранцінныя меры, якія паступова змякчаюцца, — распавяла беларуска Таццяна Цагельнік-Окіцу, што жыве ў Краіне ўзыходнага сонца.
РР: Як даўно Вы сутыкнуліся з каронавірусам у Японіі, як гэта было?
Таццяна Цагельнік-Окіцу: На паўночнай выспе Хакайда я пражываю недзе дванаццаты год. Прыехала сюды навучацца, выйшла тут замуж. Не ведаю дакладна, калі быў першы выпадак захворвання ў Японіі, на Хакайда ў нас выявілі першы выпадак напрыканцы студзеня. Мы акурат з дачкой вярталіся з Беларусі. Мы яшчэ паспелі з’ездзіць на зімовыя святы і прыехаць акурат перад тым, як пачалася гэта сітуацыя ў Японіі. Спачатку на Хакайда было больш за ўсё выпадкаў у параўнанні з іншымі прэфектурамі, і ўжо напрыканцы лютага толькі на нашай выспе аб’явілі надзвычайнае становішча.
РР: Як Вы перажывалі гэту сітуацыю, магчыма, гэта неяк адбілася на вашым эмацыйным стане? Ці нейкім чынам змянілася вашае жыццё?
Таццяна Цагельнік-Окіцу: Не магу сказаць, што адбыліся нейкія вялікія змены. Я навучаюся ў аспірантуры, таму ва ўніверсітэт мне хадзіць не трэба. Я магу пісаць дысертацыю дома. Адзінае, што пакуль у нас працягваецца надзвычайнае становішча, то я не ваджу дзіця ў садок і трэба неяк спраўляцца з гэтай сітуацыяй. Муж працягвае працаваць, ніякіх каранцінных мераў не ўведзена. Адзінае, што вельмі не стае, канешне, кантактаў. Вельмі хочацца схадзіць у кавярню, папіць кавы, пагутарць з калегамі. Недзе месяц таму пачалі ладзіць сустрэчы беларусаў Японіі анлайн. Нам, беларусам, было вельмі цяжка сабрацца, сустрэцца, бо людзей мала, усе раскіданыя па ўсёй краіне. Таксама людзі занятыя сваім жыццём. А вось дзякуючы гэтаму каронавірусу ў нас атрымалася неяк аб’яднацца і пачаць сустракацца анлайн. Таму ёсць і такія пазітыўныя вынікі.
Таццяна Цагельнік-Окіцу дадала, што большая частка стасункаў у Японіі пакуль перайшла ў анлайн — там праходзіць навучанне, сустрэчы з сябрамі, значная частка людзей мае дыстанцыйную працу.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя