Таямніцы храма вёскі Вялікая Слабада



Царква, якую не дабудавалі сто гадоў таму, так і стаіць руінамі ў вёсцы Вялікая Слабада Карэліцкага раёна. Вайна і савецкае ліхалеццё, мясцовыя вандалы: усё гэта  пакінула свае сляды і напамінае пра слабасць чалавека.

P1230616

У 1915 годзе нямецкі снарад разбурыў спічак храму і заваліў дах. Калі пры камуністах мясцовыя жыхары пачалі расцягваць царкву па камянях, то аднаму моцна пашкодзіла руку. Пасьля таго, баючыся гневу Божага, жыхары кінулі разбураць храм. Мясцовы краязнаўца Мікола Чачотка кажа, што гісторыя храма абрасла легендамі:

– А ўжо як прыйшла савецкая ўлада, усе кінуліся царкву на цэглу разбіраць. Калісьці спрачаўся я са старымі дзядамі і сказаў, што іхная бяда пачалася з таго часу, як яны пачалі царкву сваю бурыць. Спынілася гэтае рабаванне толькі тады, як аднаму раздушыла руку каменем. І тады людзі ўбачылі ў гэтым кару Божую. Ды і рады даць было цяжка, настолькі кладка была моцная. І сёння магчыма ніхто не ведае рэцэпт гэтага раствору.

Цяпер ля руінаў царквы стаіць маленькая новая драўляная цэркаўка, пабудаваная талакою мясцовых жыхароў. Яна ў разы меньшая за тую, якая так і засталася мараю.

P1230618

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Вялікая Слабада

Фота аўтара