Таямніцы поўначы беларускага Пабужжа
Мой веламаршрут пралягаў праз паўночную частку беларускага Пабужжа – край старадаўніх вёсак, багатых на помнікі гісторыі. Цягніком лініі Берасце-Цэнтральнае – Высока-Літоўск дабраўся да вёскі Новыя Лышчыцы, што на поўначы Берасцейскага раёна. Рэгіянальная чыгунка, дарэчы, дазваляе перавозіць ровары ў неразабраным выглядзе ў тамбуры па тым самым кошце што і квіток. Ад мясцовай станцыі да шашы Н344 па якой мне трэба было рушыць далей вядзе брукаванка, якая разбаўляе панурасць беларускіх вёсак амаль сівой даўніной. Адразу ўзгадалася постаць айчыннай гісторыі – Казімір Лышчынскі, філосаф і грамадскі дзяяч Рэчы Паспалітай, які нарадзіўся непадалёк у Лышчыцах. Ягоны трактат “Аб неіснаванні бога” нашумелы ў XVII стагоддзі, нажаль прывёў самога Лышчынска на плаху. Нашчадкі ўжо напрыканцы 80-ых гадоў ХХ стагоддзя ўсталявалі мемарыяльны камень у гонар філосафа ў вёсцы Малыя Шчытнікі.
Непагадзь у выглядзе невялікага дажджу матывавала ехаць далей праз вёску Яцкавічы да мяжы Берасцейскага і Камянецкага раёнаў. Непадалёк Вужыкаў, падарожніка сустракае беларускамоўны манумент з зубром, які належыць мясцоваму сельгаставарыству і ўказвае на тое, што ўжо пачалася Камянеччына. Палеткі змяняюцца паляўнічымі гаспадаркамі і ўжо праз гадзіну язды бачны старадаўні Воўчын – радзіма апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Акрамя заможных будынкаў пабудаваных з камення, ды праваслаўнай царквы, у Воўчыне месціцца і Троіцкі касцёл XVIII стагоддзя. Гісторыя сведчыць што ў ім было адно з імаверных месцаў перапахавання караля, якое адбылося без належных рытуалаў у ліпені 1938 году. Зараз храм знаходзіцца на этапе рэстаўрацыі і з’яўляецца адной з кропкаў веламаршруту “Слядамі прыбужскіх таямніц” які быў распрацаваны пры падтрымцы Еўрапейскай Камісіі.
Надвор’е псавалася і трэба было кіравацца ў Залессе, невялікую і заможную ў свой час вёсачку. Цэнтральная і адзіная дарога якая дагэтуль засталася брукаванай. Пяцікіламетровы адрэзак сапраўды пралягаў „праз лес” па прасёлкавай дарозе. Дзясятак жыхароў Залесся дагэтуль маюць склепы складзеныя з каменняў і цэглы, што сведчыць пра тое, што вёска ў свой час была не беднай. Дамінантай населенага пункту з’яўляецца былы панскі дом, на якім напісаны год пабудовы – 1931. Занядбаны раней будынак у парадак прыведзены сіламі энтузіястаў і адной з берасцейскіх некамерцыйных устаноў. Зараз у ім па-магчымасці праводзяцца рознага кшталту летнікі і мініканцэрты беларускіх музыкаў. Дом і стаўся скрайняй кропкай маршруту майго велападарожжа. Па-маршруце Новыя Лышчыцы-Залессе было пройдзена каля 25 кіламетраў роварам, цягам каля дзвух гадзін. У чарговы раз упэўніўся ў тым, што кожны куток Беларусі перапоўнены гісторыяй, якую трэба толькі ўмець бачыць.
[Not a valid template]
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце