Тбілісі: этнаграфічны музей
Этнаграфічны музей на ўскрайку грузінскай сталіцы – адно з цудоўных месцаў у Тбілісі, дзе можна не толькі азнаёміцца з гісторыяй Грузіі, а таксама і добра прагуляцца.

Бо ўсе экспанаты знаходзяцца пад адкрытым небам, таму для наведвання выбірайце ясны сонечны дзень. Музей – гэта амаль 70 пляцовак і амаль 8000 розных экспанатаў, якія паказваюць усе рэгіёны Грузіі.

Экспазіцыя музея была адкрыта ў 1966 годзе, дзякуючы намаганням гісторыка і этнографа Георгія Чытая. Уяўляе ён сабой вялікую тэрыторыю зямлі (каля 52 гектара), на якой размешчана жыллё з многіх рэгіёнаў Грузіі і розных эпох.

Сярод прадстаўленых рэгіёнаў: Аджарыя, Абхазія, Асеція, Кахэція, Гурыя, Імэрэція, Рачы, Месхэція, Джавахэція, Сванэція, Хеўсурэці, Самэгрэла, Лечхумі і Картлі. Усяго іх 14, і згодна з імі музей дзеліцца на аднайменныя зоны.

Акрамя старажытных пабудоваў у музеі знаходзяцца вінныя скляпенні з усім неабходным інвентаром, пякарні, дзе часам праводзяць майстар-класы, печы для запякання керамікі, свірны, стайні, кузні і іншыя побытавыя пабудовы.

У кожнай зоне ёсць супрацоўнік музея, які ахоўвае экспанаты і крыху расказвае і пра іх. Праўда не ўсе яны ведаюць рускую мову, таму калі хочаце атрымаць масу цікавай інфармацыі і даведацца для чаго ж выкарыстоўвалі дзіўныя рэчы ў старажытныя часы, лепш вазьміце гіда, ці запытайцеся па-ангельску як было ў маім выпадку.

Кошт наведвання музея – 5 лары, гэта прыкладна 7 злотых і ты цэлы дзень можаш гуляць па музею, а экскурсію правядуць вам за 20 лары. Адзінай праблемай, якая замінае наведаць гэты музей, – гэта аддаленасць яго ад грамадскага транспарту, таму даехаць да яго можна толькі таксоўкаю, ці канатнай дарогаю, і адтуль спускацца па гары 1.5 кіламетры.

Ужо больш за 15 год этнаграфічны музей з’яўляецца філіяй Нацыянальнага музея Грузіі і таму тут такія танныя кошты на наведванне. Спадзяюся, што я яшчэ раз наведаю гэтае цудоўнае месца з сябрамі, бо мой візіт сюды адбываўся ў халодны час.






Андрэй Мялешка, Беларускае Радыё Рацыя, Тбілісі
