Тбілісі: праспект Давіда Агмашэнебелі
У грузінскую сталіцу Тбілісі я наведваюся некалькі разоў на квартал. І вельмі раю, калі будзеце ў гэтым горадзе, пашпацыраваць па праспекту Агмашынебелі.

Праспект Агмашэнебелі – адна з галоўных прагулачных вуліц у Тбілісі. Такую назву праспект атрымаў у гонар цара Давіда IV Будаўніка. Слова «аграмашнебелі» на грузінскай мове азначае «будаўнік».
Як частка горада, гэты раён пачаў развівацца яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Тады ўся тэрыторыя па левым беразе ракі лічылася Новым Тбілісі. У той час тут жылі нямецкія пасяленцы, якія займаліся, у асноўным, сельскай гаспадаркай.

У 1853 годзе тэрыторыю ўключылі ў склад горада і пачалі актыўна забудоўваць у эклектычным стылі. Многія гістарычныя будынкі, пабудаваныя па праектах нямецкіх архітэктараў, захаваліся і зараз.
У 2010-11 гадах праспект Агмашэнебелі прайшоў маштабную рэстаўрацыю, і сёння гэта папулярнае месца для прагулак. Тут аднавілі будынкі і асвятленне, абнавілі дарожнае палатно.

Па абодва бакі праспекта можна любавацца разнастайнасцю фасадаў, балконаў і аконных рамаў. На першых паверхах працуюць невялічкія крамкі, пякарні, кафэ і рэстараны (у асноўным, арабскія і турэцкія). Частку праспекта зрабілі поўнасцю пешаходнай.
Дабрацца да праспекта зручней за ўсё на метро (станцыя «Марджанішвілі»). Далей можна выбраць, куды ісці: альбо ў бок Сухога Моста (пра які я ўжо неаднойчы ўзгадваў у сваіх расповядах з вандровак), альбо да парку Муштаідзі.

Першы варыянт добры для знаёмства з горадам, таму што вы можаце працягнуць шпацыр па парку Дзеда Эна і дайсці да самай плошчы Свабоды. Але і зваротны напрамак таксама можа быць цікавым!
Калі будзеце гуляць па гэтаму праспекту пабавязкова патрапіце на адзін з самых цікавых будынкаў на гэтай вуліцы — гэта бадай самы ўлюбёны сярод тбілісцаў тэатр – Новы музычна-драматычны тэатр ім. Васо Абашыдзэ на праспекце Агмашэнебелі, 127.

Гэта адзін з самых прывабных будынкаў праспекта, які адразу прыцягвае ўвагу парадным фасадам і крыштальнымі люстрамі. ⠀
Калектыў тэатра пераехаў сюды з другога будынку ў 2021 годзе. З таго часу тэатр Абашыдзэ (гэта вядомы грузінскі акцёр, адзін з заснавальнікаў рэалістычнай грузінскай акцёрскай школы) і называецца новым. У рэпертуар уваходзяць як класічныя („Кароль Лір” Шэкспіра), так і сучасныя спектаклі. Яны праходзяць на грузінскай мове.
Тэатр атрымлівае добрыя водгукі за стыльны інтэр’ер, цудоўны аркестр, высакаякаснае сцэнічнае абсталяванне і гульню акцёраў. А яшчэ наведвальнікі адзначаюць бар з кактэйлямі, якія называюцца таксама, як і спектаклі.
Рэпертуар тэатра можна паглядзець на яго старонцы Фэйсбука. І нават калі вы не збіраецеся наведваць спектакль, Вы звернеце ўвагу на гэты прыгожы будынак, калі будзеце шпацыраваць па Агмашенебелі.







Беларускае Радыё Рацыя, Сакартвэла, Тбілісі
