Тбілісі: раён лазняў увечары



У сталіцы Грузіі (Сакартвела) існуе легенда пра тое, выраз «ідзі ў лазню» з’явіўся менавіта тут. Калі казаць канкрэтна і тэрытарыяльна – ён з’явіўся ў самым цэнтры Старога горада, раёне Абанатубані (у перакладзе з грузінскага «раён лазняў»).

Шмат хто,  калі гуляе па цэнтру старога горада, бачыць крытыя цагляныя купалы з адтулінамі. Гэтыя цагляныя купалы  пабудаваныя ў XVII-XVIII стст. І гэта зусім не мячэці – гэта лазні.

Сумневы развеюцца імгненна: вы адчуеце ў паветры павеў рэзкага паху серы. Але, паверце, вы да яго прызвычаіцеся. Самабытнасць навакольнай тэрыторыі зачаруе вас настолькі, што нават гэты пах здасца прыемным акампанементам да мелодыі тбіліскага каларыту.

Тбіліскія лазні – гэта эпоха, а грузінскія «цёршчыкі» (па-грузінску «мекісе») – гэта тыя, хто тварыў гісторыю лазневай эпохі.

І працягваюць тварыць, бо валоданне дадзеным мастацтвам у большасці выпадкаў перадаецца з пакалення ў пакаленне. І кожны «цёршчык» мае свае сакрэты, метады лячэння і дастаўленні задавальнення кліентам. І калі раптам ён узлятае на вашы плечы, упраўляе косткі, не прычыняючы вам пры гэтым болі, не палохайцеся, а атрымлівайце асалоду і заўважце:  вы ў руках сапраўднага майстра!

Наведванне лазні – адна з самых любімых забаў турыстаў. Нядзіўна, бо гэта значная частка іх традыцыйнай культуры.

У раёне лазняў кіруюць азербайджанцы, таму частка будынкаў мае арабскі каларыт і наведвальнікі самых элітных лазняў здзівяцца азербайджанскай гасціннасці.  Самая танная з лазняў гэта дзяржаўная лазня №5, тут кошт самы дэмакратычны – за дзве гадзіны наведвання 10 лараў (крыху менш за 4 даляры). Але і ў гэтай лазні вам прапануюць масаж і парылку і купелі з гарачай сернай вадой.

 Лазні працуюць з самай раніцы да позняга вечара і ўжо адной з традыцый наведвання Тбілісі стала наведванне лазняў у старой частцы горада. Аднак, каб наведваць лазні ў Тбілісі, трэба запытацца ў вашых лекараў, ці не будуць серныя лазні мець супрацьпаказанняў для вашага здароўя! Сам я наведваў гэтыя лазні ўжо тройчы, і калі буду ў Тбілісі наступным разам, таксама планую іх наведаць.

Беларускае Радыё Рацыя, Тбілісі