Тбілісі: старажытны „Вінзавод №1”
Падчас маіх падарожжаў па Грузіі я ўжо больш за 10 разоў бываў у сталіцы гэтай краіны – Тбілісі. Кожны раз я знаходжу ў гэтым горадзе цікавыя месцы дзякуючы сваім тбіліскім сябрам.
Некалькі месяцаў таму я патрапіў на цікавую лакацыю, якая зараз працуе як культурная прастора. Гэтая лакацыя мае назву „Вінзавод №1”.
Гісторыя гэтага месца наступная:
У далёкіх 1894-96 гадах у адным з найстарэйшых раёнаў Тбілісі – Веры вялікі архітэктар Аляксандр Озераў спраектаваў і пабудаваў унікальны „Вінны завод № 1” (ღვინის ქარხანა).
Даволі амбіцыйная замова, якая паступіла Аляксандру Озераву падчас кіравання Расейскай імперыяй імператара Мікалая Другога, стала адным з найболей тэхнічна складаных праектаў таго часу. Таму спецыяльна для гэтага Озерава адправілі ў Парыж, каб ён лепш азнаёміўся з вінаробствам і пераняў досвед еўрапейскіх вытворцаў віна.
Будучы інжынерам-архітэктарам, Озераў выдатна справіўся з усімі тэхнічнымі складанасцямі – прадпрыемства стала паспяхова функцыянаваць. Вінны завод выдатна працаваў да 80-х гадоў мінулага стагоддзя, пакуль не прыйшоў у поўны заняпад. Вытворчасць, як і час, на заводзе спынілася. І „Вінзавод №1” стаў помнікам культурнай спадчыны.
На працягу многіх гадоў яго тэрыторыя была зачынена для наведвальнікаў.
Але ў 2017 годзе тэрыторыя завода стала новай шматфункцыянальнай гарадской прасторай для ўсіх.
«Вінны завод» – гэта велізарны праект, які прапануе незлічоную разнастайнасць ідэй для вольнага часу, такіх як блышыны рынак, адкрыты кінатэатр, рэстараны, бары і кафэ, офісныя памяшканні, кулінарная школа – Culinarium, show room і concept store грузінскіх дызайнераў, фітнес новага пакалення – X Body, пякарня (Танэ), стрыт фуд у сярэдзіне старажытных вінных бочак…
Але душа „Карханы”, як яшчэ называюць „Вінзавод №1” – гэта велізарнае старажытнае віннае сховішча, у якім больш за 100 гадоў знаходзіліся віны і каньякі з калекцыі Напалеона і Сталіна.
Вінзавод адкрыты круглы год і гатовы прымаць сваіх гасцей штодзень з 12:00 дня да 1:00 ночы.
Спадзяюся, што я яшчэ шмат разоў наведаю гэтае месца, і пабываю на розных мерапрыемствах тут, на „Вінзаводзе №1”.
Сяргей Апановіч, Тбілісі