Тэўтонская прысутнасць у Румыніі
У Румыніі ёсць мясціны, якія ўскосна маюць паралелі з нашай мінуўшчынай. Тэўтонскія рыцары пакінулі сляды сваёй прысутнасці ў Трансільваніі (Сяміграддзі).
Для вандроўцы ў Рымынію цікавым будзе наведванне іх замкаў у Трансільваніі. Рыцарскі ордэн шпіталя Сьвятой Марыі пасля крыжовых паходаў у Святую зямлю спрабаваў атабарыцца менавіта ў гэтай частцы Цэнтральнай Еўропы. За гэта рыцары абяцалі Вугорскаму каралю бараніць землі ад набегаў усходніх качэўнікаў.
Адметным месцам стаў замак Тартлаў (Tartlau). Гэта самае ўсходняе паселішча трансільванскіх сасаў. У турыстычных мапах паселішча каля старажытнага замка называецца Прэймер.
Цэнтральнай адметнасцю з’яўляецца рыма-каталіцкая царква, збудаваная яшчэ тэўтонцамі, якая перацярпела шмат перабудоваў. Цяпер належыць евангелістам.
Паводле планаў пабудовы, царква такая ж, як будавалі шпітальеры ў час свайго знаходжання ў Святой Зямлі: у форме грэцкага крыжа. Але аздабленне фасаду і інтэр’еру мае познегатычны стыль.
Царква мае абарончы мур, а таксама пабудовы, якія давалі магчымасць схавацца ад навалы ворагаў усім мясцовым жыхарам.
Крэпасць нагадвае ў нечым мурашнік са шматлікімі ячэйкамі. У выпадку небясьпекі, жыхары з сем’ямі перабіраліся ў крэпасць. Кожны ў сваёй каморы, плошчай прыкладна 3х3 метры, мелі ў ёй запас харчоў, а таксама, калі асада была доўгай, маглі скарыстацца агульным складам крэпасці.
У каморападобных пакоях можна ўбачыць экспазіцыі саскай тутэйшай школы, пакойчыкі для рамесніцкіх вырабаў, словам, усё тое, чым займаліся мясцовыя жыхары на працягу 16-18 стагоддзяў.
А гэта на фота выгляд на абарончы мур знутры крэпасьці, пад якой знаходзяцца жылыя адсекі.
Цяпер гэтая крэпасьць з’яўляецца сусветнай культурнай спадчынай. Кошт уваходу для турыстаў 10 лей.
Віктар Парфененка, Беларускае Радыё Рацыя, Румынія
Фота аўтара