Торуньская Крывая вежа – старажытнае легендарнае збудаванне
Адным з галоўных сімвалаў Торуню, гораду, гістарычная частка якога ўваходзіць у сусветную спадчыну ЮНЕСКА, ёсць так званая Крывая вежа. Знаўцы сцвярджаюць, што яе нахіл большы, чым у славутай Пізанскай вежы.
Крывая вежа стаіць на беразе Віслы, яе пабудавалі яшчэ ў другой палове 13-га стагоддзя, тады яна была часткай гарадскіх сценаў і функцыянавала як абаронная. У 18 стагоддзі вежу істотна перабудавалі, да трох ранейшых сценаў дадалася чацвёртая. Тады ж вежа пераўтварылася ў гарадскую турму для жанчын.
У 19 стагоддзі Крывая вежа была кузняй, жыллём для майстроў па вырабе зброі. Ужо ў 20 стагоддзі тут месціліся розныя культурніцкія таварыствы і суполкі, а таксама кавярня.
У 2008 годзе была праведзена рэстаўрацыя вежы, цягам яе быў абноўлены інтэр“ер. Зараз у сярэдзіне працуе сувенірная крамка, а ў самой вежы размяшчаецца Торуньскі аддзел культуры. Вуліца, дзе стаіць вежа называецца адпаведна Pod Krzywą Wieżą – Пад Крывой Вежай.
Вежа была пабудавана адначасна з іншым комплексам гарадской сцяны і на пачатку была звычайнай. Адхіленне адбылося пазней, хоць імаверна ўжо ў 13 стагоддзі. У мінулым многія лічылі, што гэта Божая кара за нібыта блюзнерскае адкрыццё Мікалая Каперніка, нараджэнца Торуня. Гэтае меркаванне падзяляў адзін час і папскі пасад у Ватыкане, а кнігі Каперніка былі нават уключаны ў Індэкс забароненых кніг.
Звязаныя з Крывой вежай і іншыя гарадскія легенды. Адна з іх апавядае пра грахаводніка тэўтонскага крыжака, якога змусілі будаваць 15 месяцаў 15-мятровую вежу як адплату за дрэнныя ўчынкі. Іншая легенда звязаная з Віслай, нібыта вежа нахілілася ў выніку сваркі магутнай ракі і архітэктурнага збудавання. У кожным разе, трапіўшы ў Торунь, убачыць вежу напэўна варта.
Беларускае Радыё Рацыя