Трабы – даўняе мястэчка з трагічным лёсам святароў



Трабы – даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны. Ляжыць на шляху з Юрацішак у кірунку больш славутых Гальшанаў. Упершыню ў пісьмовых крыніцах Трабы згадваюцца ў 15 стагоддзі як уладанне князёў Гальшанскіх. Дакладнае значанне тапоніма невядомае. Ёсць легенда пра князя Трабуса, але яна не пацверджана гістарычнымі фактамі.

У канцы 15-га стагоддзя Трабы перайшлі ва ўласнасць троцкага ваяводы Альберта Гаштольда. У 1534-ым тут збудавалі першы касцёл, адчынілася таксама прыватная свецкая школа. Пазней Трабамі валодаў кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары, які падарыў іх сыну – Жыгімонту Аўгусту. Яшчэ пазней мястэчка стала цэнтрам староства і ў розны час мела розных гаспадароў. Імі валодалі Францковічы, Зяньковічы, з 1774 году – Дамінік Нарбут. У 1784-ым тут збудавалі першую праваслаўную драўляную царкву.

У 1-й пал. 19 ст. працавала суконная мануфактура і металаапрацоўчая майстэрня. На 1866 год Трабы – цэнтр воласці, тут было 499 жыхароў, 78 двароў, працавалі народная вучэльня, пачатковыя габрэйскія рэлігійныя школы – хедэры.

Праз мястэчку працякае рака Клява, крыху захавалася старой забудовы, у цэнтры мясцовасці праваслаўная Петрапаўлаўская царква царква.

Цяперашні касцёл Раства Багародзіцы (1900-05), заснаваны ксяндзом Паўлам Сухоцкім на месцы ранейшага драўлянага храма.

У Трабах нарадзіліся такія вядомыя асобы як дзеяч заходнебеларускага руху Сямён Клінцэвіч, беларускі мовазнавец Пётр Юргялевіч.

Саракавыя гады мінулага стагоддзя адзначаны ў Трабах трагічнымі падзеямі. Каля ўваходу ў трабскі касцёл, справа, магіла вядомага беларускага святара Вацлава Родзькі. У 1940 годзе з асаблівай жорсткасцю ён быў забіты ў навакольнай мясцовасьці Расальшчына савецкімі бандытамі.

 Яго паслядоўніка ксяндза Станіслава Зубкевіча расстралялі гітлераўцы ў 1941 годзе. Іншы настаяцель ксёндз Раман Місевіч закатаваны савецкімі партызанамі і памёр 12 верасня 1943 года. Іх магілы таксама на касцельнай тэрыторыі.

Святар Францішак Цыбульскі расстраляны немцамі як закладнік 10 сакавіка 1943 года ў Лідзе і пахаваны на лідскіх могілках у раёне Слабодка. Ксяндза Пятра Араньскага забілі саветы ў 1944, і ён быў пахаваны ў Гальшанах. Такім фатальна трагічным быў лёс трабскіх святароў.

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, фота аўтара