Трансгранічны пікнік на Аўгустоўскім канале (абноўлена)



Два месяцы засталіся да адкрыцця для бязвізавага руху перахода Рудаўка-Лясна. Польска-беларускі пункт пропуску на Аўгустоўскім канале пашырыць таксама свой статус з байдарачнага дадаткова на пешы і роварны.

У сувязі з гэтым польскія і беларускія ўлады рыхтуюць на пераломе красавіка і траўня шумнае адкрыццё перахода для турыстаў. На транспамежнай прасторы турыстаў будуць чакаць многія неспадзяванкі, кажа сябра ўправы Падляшскага ваяводства Багдан Дыюк:

Арганізуем вялікую маёўку на канале, звязаную з пашырэннем статусу і магчымасцю перасячэння польска-беларускай мяжы ў пераходзе Рудаўка-Лясная. Будзе цэлы шэраг розных мерапрыемстваў.

Маёўка на шлюзе Кужынец запланаваная на выходныя з 29 красавіка па 1 траўня. Тады ўпершыню можна будзе перасячы тут без віз польска-беларускую мяжу.

Каб гэта зрабіць, трэба скарыстацца дапамогай адной з польскіх або белрускіх турыстычных фірм. Турфірма рыхтуе адпаведны дакумент, які дае права без візы знаходзіцца пяць дзён на тэрыторыі Гародні і Аўгустаўскага канала.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота belarus.by

* * * 

Трансгранічны пікнік „Польшча-Беларусь” адкрые летні сезон падарожжаў па Аўгустоўскім канале, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Гарадзенскім райвыканкаме.

Адкрыць летні турыстычны сезон па абодва бакі Аўгустоўскага канала плануюць мерапрыемствамі з 29 красавіка па 1 траўня. Серыя спартыўных і культурных конкурсаў, дружалюбных сустрэч пройдзе ў раёне шлюза Кужанец з польскага боку (пункт пропуску Лясная-Рудаўка) і шлюза Дабмроўка на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці пад агульнай назвай трансгранічны пікнік.

Гэтыя дні на беларуска-польскім памежжы па берагах воднага шляху запусцяць новыя веламаршруты. Плануецца адкрыццё пашыранай экспазіцыі музея Аўгустоўскага канала. Беларуска-польскі пікнік ў раёне шлюза Дамброўка ў апошні красавіцкі ўік-энд змогуць наведаць усе жадаючыя. Забаўляльнай праграмай на беларускім баку займаецца Гарадзенскі райвыканкам. Плануюцца фестываль народных танцаў, чэмпіянаты Гарадзенскай вобласці па турысцка-прыкладным шматбор’і, забаўляльныя сямейныя эстафеты, конкурсы кулінарнага мастацтва.

У райвыканкаме адзначылі, што ў такім фармаце цёплы сезон на канале адкрываюць упершыню. Гэта будзе першае лета, калі для наведвання беларускай часткі трансгранічнага турыстычнага аб’екта гасцям з Польшчы і дзесяткаў іншых краін не трэба адкрываць беларускія візы. Указ №318, які дае права замежным турыстам наведваць без віз тэрыторыю спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку „Аўгустоўскі канал”, уступіў у сілу 26 кастрычніка. Паводле звестак упраўлення спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкама, турыстычныя фірмы рэгіёну прагназуюць высокую цікавасць замежных гасцей да аб’екта, шмат хто будзе прыбываць праз размешчаны на канале пункт пропуску Лясная-Рудаўка „.

Фота chaykagrodno.by