Трэнд Румыніі, заснаваны на хлусні: Дракула
Для пазнавальнасці ў свеце Румыніі асоба ваяводы Улада Цэпеша (Дракулы) пераўзыходзіць усіх мясцовых дыктатараў, якія наводзілі жах у ХХ стагоддзі: Ёна Антанэску, Нікалае Чаушэску. Гэта несправядліва. Бо з лёгкай пісьменніцкай рукі Брайма Стокера асоба Дракулы стала монстрам Еўропы.
Як гісторыя Дракулы на паўказка, на паўпраўда, гэтак і замкі, якія звязаны з яго гісторыяй, маюць такі ж легендарны характар. Пад замкам Паенары, руіны якога размешчаны на сутыку Трансільваніі і Валахіі, у расколіне праходзіць сучасная аўтамагістраль „Трансфгарасан”. Крэпасць размешчана на вышыні 50 метраў ад плаціны Відрару.
Замак быў пабудаваны па загадзе Улада Цэпеша, вядомага ў свеце, як вялікі крывасмок. Гэта, канешне, няпраўда. У перакладзе з румынскай „Дракула” значыць: „д’ябал”, „чорт”. Ён удзельнічаў у войнах супраць Турцыі. Палонных саджаў на кол. Але гэта практыка была ў той час па ўсёй Еўропе. У XV стагоддзі Улад Цэпеш кіраваў Валахіяй – адной з правінцыяў сучаснай Румыніі з горадам Тыргавіштэ. Там і знаходзіўся яго галоўны палац.
На вышэйшых фотаздымках: Царква і Замак уладароў Валахіі, сярод якіх быў Улад Цэпеш (можна ўбачыць на шыльдзе); таксама ўпісаны на шыльдзе валадароў Валахіі бацька Улада Цэпеша “Дракулы”, які не мае дачынення да гісторыі з вампірамі.
Для таго, каб цалкам ацаніць сілу прымхаў, створаных літаратурай у дачыненні да Улада Цэпеша, варта адведаць замак Бран, які, на думку кінакрытыкаў, ідэальнае месца для здымак фільмаў пра крывапіўцу Дракулу. Вузкія калідоры, архітэктура замка найбольш схіляюць да такой думкі.
Сам замак пабудаваны задоўга да ваяводы Дракулы, яшчэ ў XIV стагоддзі. З мэтаю аховы дарогі між гор ад Брана да Рукера. Гэта быў вузкі гасцінец, які злучаў Валахію з Сяміграддзем (Трансільваніяй). Пабудаваны замак належыў тады Вугорскай кароне. Асноўная мэта замка мела камерцыйны характар – як пункт мытнага кантролю краіны.
Экспазіцыі ў замку насычаны тэмай пісьменніка Брайма Стокера і яго „Дракулы-вампіра”.
З Дракулам альбо без яго, Бран з’яўляецца перлінай архітэктуры сучаснай Румыніі. Гэты замак быў названы Замкам Дракулы каля трыццаці гадоў таму турыстамі, якія параўналі яго з апісаннямі, якія зрабіў у сваім рамане Брайн Стокер.
Уваход у Замак Дракулы, што ў Бране, платны: 20 лей – для дарослых, 5 лей – для дзяцей. Гэта прыкладна 4 і 1 еўра адпаведна.
Такім чынам, перад Румыніяй застаецца два вобразы Дракулы. Першы – нацыянальны герой Румыніі, мудры, адважны ваявода, пакутнік, які быў праданы сябрамі і амаль траціну жыцця знаходзіўся ў вязніцах, абылганы, але не зламаны. Другі – вядомы ў свеце крымасмок-страшыдла, вынік анекдатычных апавяданняў XV стагоддзя. Але няма ніводнай пісьмовай крыніцы, якая б пацвердзіла апошняе.
Віктар Парфёненка, Беларускае Радыё Рацыя, Румынія