Троіцкі касцёл у Ружанах
Храм быў збудаваны коштам канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі ў 1617 годзе.
Польскі даследчык Генрых Люлевіч сцвярджае, што Леў Сапега з’ўляеццца “найвялікшым фундатарам каталіцкага касьцёла ў Літве, пабудаваў 24 касьцёлы”. Кандыдат гістарычных навук Леанід Несьцярук дадае: “Леў Сапега на працягу ўсяго свайго жыцця пастаянна фундаваў каталіцкія, уніяцкія і праваслаўныя храмы, засноўваў пры іх школкі, выдаў шмат духоўнай літаратуры”. Калі колькасць каталіцкіх касцёлаў, фундаваных Львом Сапегам, палякі падлічылі, то колькасць уніяцкіх і праваслаўных храмаў да сёння невядомая.
“Касьцёл у Ружанах – піша Валянцін Дубатоўка – можна з поўнай адказнасцю лічыць адзіным ацалелым музеем знакамітага канцлера на яго роднай беларускай зямлі”. Таму варта пачаць з гэтага касцёла, але надалей ці не добрай была б ідэя, каб гэта быў пачатак серыі апісанняў усіх Сапегаўскіх храмаў? Яшчэ лепей, каб атрымаўся конкурс “Адшукай і апішы Храм, пабудаваны коштам Льва Сапегі” і, найлепей, для школьнікаў. Хай бы знайшоўся ініцыятар такога конкурсу!
Але вернемся да касцёла Святой Тройцы ў Ружанах. Храм пачаткова быў пабудаваны ў стылі барока на месцы драўлянага касцёла Святой Тройцы заснаванага Тышкевічам (дата невядомая), перабудаваны ў 1779 годзе ў стылі ранняга класіцызму па праекце Яна Самуэля Бекера, аднаўляўся ў 1850 і ў 1891 гадах, працаваў бесперапынна. Гэта аднанефавы храм з высокай чатырохяруснай васьмікутнай вежай на восі фасада, увянчанай востраканцовай страхой. Па баках царквы прыбудаваныя дзьве капліцы: Сьв. Крыжа (1768) і Сьв. Варвары (у 1787). Ступіўшы на прыступкі Троіцкага храма, убачым замацаваную ў пачатку 17 стагоддзя эпітафічную дошку з імем галоўнага фундатара.
Багатае абсталяванне касцёла мае рысы барока, ракако і ранняга класіцызму. У багатым інтэр’еры насценны жывапіс, разьба з дрэва, упрыгожванні з мармуру і металу. Цікавы алтар і бакавыя часткі капліцы. Ляпніну і разьбу па дрэве выканаў майстар Прукнер (Prukner).
Галоўны алтар зроблены з карычневага мармуру, увянчаны паўкруглым франтонам з выявай анёлаў і гербам Сапегаў. Скляпенні і сцены капліцаў упрыгожвае паліхромны жывапіс XVIII стагоддзя з матывамі з Евангелля. Іншыя каштоўныя элементы абсталявання – гэта абразы XVIII і XIX стагоддзяў, багата аздобленыя арганы і амбон, класічныя алтары ў капліцах і скульптурная эпітафія Баляслава Біспінга (сябра Аляксандра Сапегі) долата Язэпа Прукнера, выкананая ў 1789 годзе.
Да нашых дзён у храме з часоў канцлера Льва Сапегі захаваўся драўляны кубак, з якога, паводле паданняў, пры адкрыцці касцёла прычашчаўся сам Леў Сапега.
Лявон Карповіч, Беларускае Радыё Рацыя