Царква ў Святлянах – месца асаблівага спакою
Нават калі амаль тры дзесяцігоддзі ездзіш па Гарадзеншчыне, надалей можна трапіць у мясцовасць, дзе ніколі раней не быў і пабачыць нешта новае і цікавае. Чарговым такім месцам для мяне стала малапрыкметная вёсачка Святляны, якую мясцовыя жыхары называюць таксама Святляні ці Святляне.
Святляны – вёска ў сучасным Каранёўскім сельсавеце зусім блізка ад Смаргоні. У другой палове 19-га – пачатку 20 стагоддзя яна была ў Дубатоўскай воласці Свянцянскага павету Віленскай губерні. У 1897 годзе дзеілі царкоўнапрыходская школа і царква. На 1905 год тут было ўсяго 28 жыхароў, да сяла адносілася 165 дзесяцін зямлі. Дзеіла прыходская Ільінская царква. Асобна быў маёнтак Святляны.
Цяперашняя Свята-Петрапаўлаўская царква, якую часта памылкова залічаюць да суседняй вёскі Рыбакі, крыху аддалена ад вёскі, да яе вядуць палявыя дарогі. Вылучаецца мясцовы храм асаблівай дагледжанасцю, так што падарожнік адчуе тут асаблівую атмасферу.
Царква пабудавана ў 1939 годзе з бетонных блокаў, аднак на яе месцы існаваў ранейшы храм. Старая Свята-Ільінская царква, праўдападобна пачаткова ўніяцкая, была разбурана ў 1915 годзе ў час першай сусветнай вайны. Пра старадаўнасць месца сведчаць і старыя могілкі за царквой, дзе захаваліся руіны трох капліцаў.
Побач з царквой справа мураваная званіца з белай цэглы, а на фасадзе храма змешчана адмысловая табліца, на якой пералічаны ўсе настаяцелі мясцовых храмаў, якія служылі тут яшчэ з 1736 году. Што прыемна, шыльда выканана на беларускай мове.
Сярод пераліку святароў звяртае на сябе ўвагу прозвішча Уладзіміра Роўды, які быў тут настаяцелем ажно 40 гадоў – з 1921-га па 1961-ы год. Уладзімір Роўда – бацька ведамага беларускага культурніцкага дзеяча, хормайстара, педагога Віктара Роўды.
Варта звярнуць увагу таксама на невялікі металёвы крыж мастацкай працы, пастаўлены паблізу званіцы. Тэрыторыя вакол царквы ўпарадкавана, прыбрана, зроблены клумбы, відавочна, што тут асабліва прыгожа летам, зараз жа адцвітаюць апошнія асеннія кветкі.
[Not a valid template]
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара