Ці будуць расейцы вяртацца?
Мабілізацыя скончылася, так заяўляюць у Крамлі. Ці будуць расейцы вяртацца на Радзіму?
Пуцін абвясціў мабілізацыі, якую назвалі частковай – 21 верасня. Па розных ацэнках СМІ з Расеі пасля абвяшчэння мабілізацыі выехалі ад 700 тысяч і нават да мільёна чалавек. Адразу пасля аб’яўлення аб мабілізацыі на прапускных пунктах расейскіх межаў утварыліся чэргі. Больш за ўсё выязджалі ў Казахстан, Грузію, Арменію, Фінляндыю. Расейскія ўлады не агучваюць афіцыйныя звесткі пра колькасць людзей, якія з’ехалі з краіны. Як кажа расеец Канстанцін, які праз Грузію выязджаў у Арменію, пакуль аптымізму для вяртання на Радзіму ён не бачыць, плануе заставацца ў Арменіі:
– Вяртацца дадому канешне нікому не варта. Па-першае, афіцыйных дакументаў не было апублікавана, а толькі вусныя заявы. Загад Пуціна пра мабілізацыю дагэтуль дзейнічае. Мабілізацыю, наколькі мне вядома, можа пачаць і спыніць Пуцін. Хаця даўно стала відавочна, што розныя такія заявы, нават пісьмовыя, не варта браць пад увагу, калі яны сыходзяць ад расейскіх уладаў. Гэта маё асабістае меркаванне, што не варта да гэтага прыслухоўвацца.
28 кастрычніка міністр абароны Расеі Шайгу далажыў Уладзіміру Пуціну аб завяршэнні частковай мабілізацыі ў Расеі. Заданне ў 300 тысяч чалавек выканалі, а вось іншых мабілізацыйных заданняў не плануецца. Частковая мабілізацыя завершыцца да 31 кастрычніка, паведамілі дзве крыніцы „Ведамасцяў” у парламенце. Указа прэзідэнта з гэтай нагоды можа і не быць.
Беларускае Радыё Рацыя