Цягнік «чатырох сталіц» падоўжаць да Таліна
Цягнік „чатырох сталіц” можа пачаць хадзіць у Талін (Эстонія) ўжо гэтым летам.
Пра гэта заявіла прадстаўніца Эстонскай чыгункі Моніка Ліллес. Паводле слоў Ліллес, на мінулым тыдні адбылася сустрэча прадстаўнікоў Эстонскай чыгункі з украінскімі калегамі, на якой „Укрзализныця” заявіла пра гатоўнасць падоўжыць цягнік да Таліна.
„Наша кампанія таксама пачала працу па высвятленні мясцовай цікавасці да праекту … Таксама неабходна абмеркаваць графік руху і іншыя пытанні з прадстаўнікамі чыгунак краін, па якіх праходзіць цягнік. Калі гэты праект апраўдае сябе з пункту гледжання ўсіх бакоў, то, паводле папярэдніх дадзеных, цягнік можа быць прадоўжаны да Таліна ўжо ў пачатку лета”, — адзначыла Ліллес.
Нагадаем, цягнік „чатырох сталіц”, які рухаецца па маршруце Кіеў-Менск-Вільня-Рыга, пачаў курсіраваць з 28 верасня 2018 года. З 30 студзеня гэтага года цягнік стаў курсіраваць раз у чатыры дні. Хоць раней меркавалася, што са снежня ён будзе курсіраваць праз дзень.