Цытадэль Салах-ад-Дзіна – крыжацкі след у цэнтры Каіра



Султан Егіпта і Сірыі з амаль невымоўным імём Аль-Малік ан-Насір ад-Дунайя вад-Дзін Абуль Музафер Юсуф ін Аюб, вядомы ў Еўропе, як проста Саладзін, быў ці не адзіным годным апанентам еўрапейцаў падчас эпохі Крыжацкіх паходаў. На яго рахунку колькі бліскучых перамог. Заможных крыжакаў звычайна выкуплялі з палону, а вось тыя, у каго сваякі былі небагатымі ці сквапнымі, станавіліся рабамі.

Менавіта палонныя еўрапейцы і збудавалі Цытадэль Салах-ад-Дзіна, што дагэтуль узвышаецца ў цэнтры Каіра.

І хаця праектаваў Цытадэль егіпецкі архітэктар, уплыў еўрапейскай фартыфікацыйнай традыцыі даволі красамоўны. Гэта і класічныя для сярэднявечнай Еўропы круглыя вежы, і магутныя контрфорсы, вельмі падобныя да тых, якія можна пабачыць на Мальце, і характэрныя зубцы сценаў… А вось традыцыйнага для Еўропы данжону няма: замест яго па-над Цытадэллю ўзвышаюцца традыцыйныя для мусульманскага свету мінарэты, і гэта адразу навявае асацыяцыі з Гарун-аль-Рашыдам, Хаджой Насрэдзінам і рознай іншай арыентальнай папсою кшталту “Казак Тысячы і адной ночы”.

Цытадэль Салах-ад-Дзіна, збудаваная ў 1178 годзе, бачыла і асманаў, і мамлюкаў, і напалеонаўскіх салдат, і англійскія “чырвоныя мундзіры”. Апошні салдат Брытанскай імперыі сыйшоў з Цытадэлі ажно ў 1944 годзе; на сценах сярэднявечнай фартэцыі стаяла зенітная артылерыя, бо саюзнікі чакалі налётаў нямецкай авіацыі на Каір.

Цяпер Цытадэль – трэці па папулярнасці турыстычны аб’ект егіпецкай сталіцы: натуральна, пасля пірамідаў і Каірскага музея. І вежы, і сцены захаваліся выдатна: аглядаючы іх, ловіш сябе на думцы, што ў разе якой вайны фартэцыя яшчэ вытрымае не адну аблогу.

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя