Турэцкі Кемальпаша: як Кузніца для беларусаў
Першы турэцкі горад, у які ўдалося патрапіць у маім жыцці, – гэта амаль памежны з Сакартвэла Кемальпаша, гэты горад знаходзіцца недалёка ад грузінска-турэцкай мяжы.
Дабрацца да гарадка Кемальпаша з Батумі можна некалькімі спосабамі.
Найперш трэба патрапіць з самога горада Батумі да мяжы.
Існуюць некалькі спосабаў, каб туды даехаць:
Першы і самы просты і танны – гэта гарадскі аўтобус №16, які давязе вас да мяжы за суму троху большую за 0,1 еўра.
Другі спосаб – маршрутка, якая за 1 лары, гэта прыкладна 0,35 еўра.
Трэці і самы дарагі спосаб – даехаць да мяжы на таксі. Гэта каштуе прыкладна 20-25 лары (7-9 еўра) амаль з цэнтра Батумі.
Далей едзем да Кемальпаша.
Каля самой мяжы вы пачуеце воклічы маршрутчыка «Кемальпаша – едзем! Едзем – Кемальпаша!» і за 2 лары (калі ў вас няма турэцкіх ліраў) вас давязуць да Кемальпаша.
І высадзяць Вас, калі вы не скажаце куды вам далей ехаць, каля самага вядомага ў гэтым рэгіёне гандлёвага цэнтра пад назваю Istanbul Bazaar.
У гэтым гандлёвым цэнтры даволі нізкія кошты і сабраны практычна ўсе добрыя і папулярныя турэцкія брэнды, сярод якіх: LC Waikiki, DeFacto, Koton, Flo, і інш. Як і ў большасці такіх крамаў, тут ёсць закусачныя, fast food і розныя дзіцячыя забаўкі, а таксама вялікая прадуктовая крама.
Працуе Istanbul Bazaar з 10:00 да 22:00, але не забывайце пра розніцу ў часе паміж краінамі, у летні перыяд ён складае 1 гадзіну, зімой – два.
У гэтым гандлёвым цэнтры два абменнікі, аднак касіры на касах таксама могуць прыняць і грузінскі лары.
Курс у той перыяд, калі мы патрапілі ў Кемальпаша, быў прыкладна такі: 1 грузінскі лары – 6 турэцкіх ліраў, ці прыкладна 16 турэцкіх ліраў на адзін даляр.
На жаль, у гэтым гандлёвым цэнтры размаўляюць толькі па-турэцку і на ангельскай мове, чаго не скажаш у самым горадзе.
Літаральна ў 100 метрах ад самога гандлёвага цэнтру пачынаецца горад Кемаль-паша.
Горад – гэта амаль некалькі кіламетраў гандлёвых шэрагаў, дзе можна набыць амаль усе тавары, што ёсць у гандлёвым цэнтры, але на некалькі лары таней.
Чаму я пішу пра лары, а не пра турэцкія грошы ліры – таму што ў самім горадзе як у крамах, кавярнях ці маленькіх лаўках з прысмакамі мы разлічваліся ці лары, ці карткаю.
У самім горадзе мы размаўлялі па-расейску, да гандляроў звярталіся таксама і па-грузінску. (Гэта былі традыцыйныя вітанні і развітанні і словы падзякі). Адзін раз гандлярка звярнулася да мяне па-украінску, а потым перайшла на чыстую расейскую мову.
Раю тым, хто едзе на, як у нас казалі «па закупы», прыглядацца тут да сыроў, выбар які ў Грузіі, скажам, «так сабе» і яны больш салёныя. Турэцкія сыры і таннейшыя і не такія салёныя. Звычайнае масла тут, у Кемальпаша, амаль у два разы таннейшае, чым у Батумі. Хатняя хімія і зубныя пасты таксама на адсоткаў 70 танней чым у Батумі.
Па што яшчэ едуць у Кемальпаша – апрануцца!
Адзенне на 30-70% танней чым у Батумі, калі, канешне, не набываць адзенне ў сэкандах. Дзецям мы набывалі таксама розныя прысмакі. Яны тут у два разы таннейшыя, чым ў сеткавых крамах Батумі.
Паснедалі мы ў Кемальпаша ў звычайнай кавярні, дзе ядуць мясцовыя жыхары.
Кошты на ежу на адсоткаў 25 танней чым ў Батумі. Канешне, паспрабавалі турэцкі кебаб, які падаўся нам хіба адным з самых смачных кебабаў, што мы елі ў сваім жыцці.
Пабачылі мы ў Кемальпашы, канешне, не толькі крамы і кавярні, але і мясцовыя славутасці. Адна з іх – старажытны мост 18-19 стагодддзя, які нагадаў вядомыя ў Сакартвэла масты Тамары, якія вам пакажуць амаль у кожным населеным пункце горнай Аджарыі.
Ужо пад вечар мы, стомлена-задаволеныя, вярталіся да мяжы на камфартабельнай маршрутцы за 2 лары. Праходжанне самой мяжы заняло крыху больш за гадзіну – і вось наш родненькі 16-ы аўтобус вязе нас да Батумі.
Спадзяюся, што яшчэ наведаю цябе, Кемальпаша, і больш пашпацырую па тваіх вулачках і пабачу іншыя славутасці.
Беларускае Радыё Рацыя, Батумі-Кемальпаша-Батумі