Turkish Airlines перастане вазіць у Менск грамадзян Ірака, Сірыі і Емена
Турыстычная кампанія „DINA SKY COMPANY” паведаміла пра тое, што авіякампанія „Turkish airlines” цяпер не будзе прадаваць квіткі на свае рэйсы з Ірака, Сірыі і Емена ў Беларусь. Выключэнні могуць зрабіць толькі для пасажыраў з дыпламатычнымі пашпартамі.

Гэты факт пацвярджаюць крыніцы польскага выдання PAP. Паводле інфармацыі СМІ, такі ж крок зробяць і ў авіякампаніі „Emirates”. Днямі ў Еўракамісіі заявілі, што цалкам верагоднае прымяненне санкцый у дачыненні да авіякампаній трэціх краін, якія ўдзельнічаюць у дастаўцы мігрантаў у Беларусь.
