Турцыя 1 ліпеня адкрые мяжу для беларускіх турыстаў



З 1 ліпеня турэцкія курорты стануць даступныя для беларусаў, паведамляе Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый (РСТА).

Турцыя адкрывае мяжу для беларускіх турыстаў услед за Албаніяй (з 12 чэрвеня) і Чарнагорыяй (з 16 чэрвеня).

Тураператары пачнуць чартарныя палёты з Менска ў Анталію 1 ліпеня, з Берасця, Віцебска, Гародні — 4 ліпеня, з Гомеля — 10 ліпеня, Бодрум стане даступны з 2 ліпеня, Кушадасы — з 3 ліпеня.

На сённяшні дзень Турцыя абвясціла, што гатовая прымаць турыстаў па змякчанай схеме, гэта значыць папярэдне атрыманых даведак на адсутнасць каронавіруса ад турыстаў не спатрэбіцца, адзначаюць у РСТА. Тое ж тычыцца Албаніі і Чарнагорыі.

„Ва ўсіх аэрапортах турэцкія ўлады адкрылі спецыяльныя тэст-цэнтры, дзе кожнаму госцю пасля прылёту будуць вымяраць тэмпературу. Калі яна будзе вышэйшай за 38 градусаў, то турыста чакае тэст ПЦР-дыягностыкі, які паказвае вынік на працягу гадзіны”, — гаворыцца ў паведамленні.

Калі тэст будзе станоўчым, турыста пакладуць у бальніцу. Лячэнне ад каронавіруса пакрые страхоўка, адзначылі ў РСТА. Калі ж пры наяўнасці тэмпературы вышэйшай як 38 градусаў тэст будзе адмоўным, чалавека паселяць у спецыяльную (асобную) зону забраніраванага гатэля.

РСТА таксама прыводзіць заяву міністра культуры і турызму Турцыі Мехмета Эрсоя, які запэўніў, што краіны прыняла „беспрэцэдэнтныя меры, накіраваныя на забеспячэнне бяспекі адпачывальнікаў — у аэрапортах, гатэлях, рэстаранах і на пляжах”.

Сацыяльная дыстанцыя паміж людзьмі ў Турцыі складзе 1,5 метра ў аэрапорце, паміж месцамі ў лобі гатэля, паміж столікамі ў рэстаранах і ў чэргах за ежай на шведскім стале.

Шведскі стол у некаторых турэцкіх гатэлях застаецца, але ў крыху змененым выглядзе. Так, ежу адпачывальнікам будуць накладваць афіцыянты. І самі госці павінны будуць вытрымліваць дыстанцыю адзін ад аднаго паўтара метра. Такая ж адлегласць устаноўленая для пляжных шэзлонгаў.

У частцы турэцкіх гатэляў шведскія сталы дэмантаваныя. Гарачае і закускі турыстам раздае персанал у традыцыйным посудзе, а гародніну і садавіну — у аднаразовым.

На ўваходах у гатэлі Турцыі ўстаноўлены аўтаматызаваныя цеплавыя камеры — для вымярэння тэмпературы пастаяльцаў і супрацоўнікаў гатэляў. Уведзена спецыяльная мера па дэзінфекцыі багажу для турыстаў, якія прыбываюць.

У цэлым, відавочна, што адпачынак гэтым летам, у тым ліку ў Турцыі, „крыху зменіць звыклы рытм”, падкрэсліў Мехмет Эрсой. Такое будзе ўпершыню ў гісторыі сусветнага турызму, адзначаецца ў паведамленні саюза.

Паводле інфармацыі анлайн-карты Інстытута Хопкінса, на раніцу 9 чэрвеня ў Турцыі было зарэгістравана крыху больш за 171 тысячу заражаных каронавірусам COVID-19, памерла 4.711 чалавек.

belapan.by

Фота hotels24.ua