Турысты ўпершыню сабралі трактар ​​на МТЗ



Прамысловы турызм – адносна новы кірунак, які Менскі трактарны завод стаў асвойваць ў пачатку 2017 года. І паслуга стала папулярнай: на прадпрыемстве ўжо пабывала 1360 экскурсантаў, 300 з іх – замежнікі з 23 краін свету.

А зараз да класічных экскурсій па прадпрыемстве дадасца яшчэ адна опцыя – магчымасць паўдзельнічаць у зборцы трактара, натуральна, пад кантролем супрацоўнікаў заводу. Госці змогуць зрабіць пяць аперацый на канвееры. У іх спіс, у прыватнасці, уваходзяць устаноўка рулявой цягі, трубак рулявога кіравання, падзборка пярэдняга крана. Па заканчэнні кожны атрымлівае сертыфікат аб удзеле ў зборцы, дзе паказаны серыйны нумар машыны, у зборцы якой быў задзейнічаны турыст.

У кожнай групе турыстаў – 5 чалавек. За ўдзел у вытворчасці трактара кожны заплаціў Br9, а такая інтэрактыўная экскурсія зойме ў гасцей не больш як паўтары гадзіны.

Акрамя таго, з сённяшняга дня на МТЗ дазваляюць праехаць два кругі па тэрыторыі завода агульнай працягласцю каля 5 км на трактары BELARUS-3522.

БелТА