Турыстычны маршрут „Крэйдавыя горы” ў заняпадзе



Тры гады таму гэты маршрут быў адкрыты для раварыстаў. Гэта было прыемнай навіной для аматараў здаровага ладу жыцця. Дзякуючы фінансаванню Еўразвяза і працаў з боку Рэспубліканскага турысцка-спартовага саюза запрацаваў маршрут, які даваў магчымасць праехаць амаль трыццаць кіламетраў і не сустрэць машын ці бітага шкла. Было спадзяванне, што маршрут „Крэйдавыя горы” будзе мець працяглы век і сталы дагляд з боку лясной гаспадаркі.

Цяпер заасфальтаванай роварнай часткай маршруту карыстаюцца пешаходы, што можа прывесці да транспартнага здарэння. Правілы дарожнага руху ў Беларусі дыскрэмінуюць правы раварыстаў, а пешаходы не атрымоўваюць адпаведнай інфармацыі уваходзячы ў лес „Пышкі”. Што датычыць грунтовых і лясных роварных сцежак, то відавочна, што яны прыйшлі ў заняпад.

Многія пазнакі зацёрліся ці не былі адпаведна пазначаны, з-за чаго раварыстам цяжка зарыентавацца на мясцовасці.

Некаторыя альтанкі, якія сіламі майстроў былі аформлены на прыпынках, цяпер брудныя. Рыбакі, якія прыязджаюць на Нёман, не дбаюць пра чысціню, і ніхто за гэтым не сочыць. Ля Нёмана стаяць машыны, раскідана смецце ды бітае шкло.

Пры набліжэнні да азёраў Сінькі і Зялёнкі ўсе сцежкі, якія перакрываліся слупамі (каб пазбегнуць праезду на машынах) цяпер перарытыя траншэямі. Парушальнікі ахоўнай зоны, аўтамабілісты. Не могуць праехаць таксама раварысты – даводзіцца пераносіць ровары. Відаць Лясной гаспадарцы не ставала сродкаў, каб зацэментаваць абмежавальныя слупы на сцежках ці выкарыстаць такія, якія немагчыма было б вырваць.

Сярод ахоўнікаў правапарадку ляснічых не бачна. Заўважаны былі толькі два паставыя міліцыянты, якія накіраваныя дзеля кантролю за несанкцыянаванымі плаўцамі ў кар’ерах. Прычым яны ходзяць па лесе пешшу. Застаецца пашкадаваць гарадзенскую міліцыю, якая не можа забяспечыць сваіх супрацоўнікаў роварамі. 

Вынік такі, лепей ўжо ездзіць па асвальце, чым рызыкаваць у лесе. Спадзяюся, што гэтыя заўвагі прачытаюць тыя, хто ў стане выправіць, ачысціць, аднавіць указальнікі, альтанкі і стаянкі. Хочацца спадзявацца, што будзе арганізаваны сталы маніторынг за станам турыстычага маршруту, які і так досыць абмежаваны па працягласці ў турыстычнай Гародні.    

Беларускае Радыё Рацыя