Турыстычны сплаў па Бярэзіне (нёманскай) з „Беларускім Радыё Рацыя”
Рака Бярэзіна можа быць цікавым месцам для турыстычнай вандроўкі на каяках. Па даўжыні і паўнаводнасці з’яўляецца трэцім, пасля Вяллі і Шчары, прытокам Нёману. Яе даўжыня каля 226 км. Але асаблівую цікавасць для сплаву на каяках, яна мае толькі ў канцы сваёй плыні. Мы распачалі сваю водную вандроўку за 50 км ад вусця Нёмана. Недалёка ад аўтамабільнай трасы М6. Парослая чаротам, з глеістымі берагамі, яшчэ трэба пашукаць прыдатнае месца для старта. Такое месца было выбрана ад Бакштаў.
У чатырох кіламетрах ніжэй Бакштаў, Бярэзіна прымае свой прыток – Іслач. За Іслаччу ў рэчышчы сустракаюцца камяні і падводныя купіны: варта быць уважлівым. Сустракаюцца маторныя лодкі.
Найбольш уражвае сваім краявідам Чорнае возера – глухая затока, якую можна ў гушчары берагоў і не заўважыць. Населеных пунктаў там мала, бо гэта частка Налібоцкай пушчы. Але арыенцір да Чорнага возера – гэта вёска Поташня ( 23 км ад вусця Нёмана). Ад Поташні да возера ўсяго 2 км.
На працягу воднага падарожжа – варта нагадаць вандроўнікам – вельмі мала мясцінаў для стаянак. Берагі Бярэзіны альбо зараслі гушчаром, альбо стромыя ды непрыдатныя для выцягвання плывучых сродкаў.
Заўважылі адну аграсядзібу Мільва, дзе ёсць каякі ды іншыя плывучыя сродкі на пракат.
Ад вусця Нёмана і да Дзяляцічаў уверх па плыні застаецца праплыць некалькі кіламетраў. Ад вёскі можна загрузіць рыштунак і вярнуцца дахаты аўтатранспартам.
Сама вёска цікавая вуліцай Чырвонаармейскай. Але надпісы на вуліцы ўсцяж па-расейску. Старая брукаванка ля Царквы Уздвіжання Святога Крыжа. Хаця пазначана, што царква пабудавана ў 1864 годзе, у гэта цяжка паверыць. Імаверна царква значна старэйшая, і шмат разоў перабудоўвалася. У 20-м стагоддзі была рыма-каталіцкай, цяпер – праваслаўная.
Па складанасці маршрут можа быць цікавым і для пачаткоўцаў у водным турызме.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Дзяляцічы, Наваградскі раён