Тут бывалі Цэзар, Цыцэрон і Катул. Антычны амфітэатр у Бутрындзе



Чалавек, які не ходзіць у тэатр – варвар, дзікун і патэнцыйны раб. Так, прынамсі, лічылася ў антычнае Грэцыі. Тэатр для элінаў быў не проста шоу, але і трыбунай для палітычных дыскусій, кафедрай для распаўсюду новых ідэй і выхавальнікам патрыятычных поглядаў.

Тэатры былі практычна ва ўсіх гарадах. Амфітэатр у антычным Бутрындзе, што блізка албанска-грэчаскай мяжы, захаваўся значна лепш за іншых. З гістарычных крыніц вядомыя і п’есы, якія там ставіліся, і нават асобы некаторых наведвальнікаў, сярод каторых – Цэзар, Цыцерон і Катул. Тэатрон (так называліся месцы для гледачоў), скена з праскеніямі і аркестра пры пэўнай гульні ўяўлення дазваляюць дамысліць, як праходзілі тэатральныя містэрыі дзве тысячы гадоў таму.

У амфітэатры ёсць колькі напаўзамураваных ніш загадкавага прызначэння. Не выключаецца, што там стаялі гандляры з няхітрымі заедкамі, папулярнымі ў тэатралаў. Магчыма, гэта месца для статуй вялікім драматургам, рэжысёрам і акцёрам. А, можа, суворыя эліны жыўцом замуроўвалі ў тых нішах нешматлікіх суграмадзян, якія хаця і называліся “культурнымі людзьмі”, але ў тэатр не хадзілі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя