Тут Янка Купала напісаў верш „Мая Доля”
Літаратурныя мясціны. Тут працаваў Янка Купала. Былы бровар Свяцкiх, у саўгасе Полымя (раней вёска Старая Беліца), Сенненскi раён.
Дно ў ставе выкладзенае каменнем. Паны Свяцкія разводзілі вялікіх залацістых карпаў.
Вёска называлася Старая Беліца. Назва “Полымя” з’явілася пасля рэвалюцыі 1917 года. Цяпер гэта Сеннінскі раён Віцебскай вобласці, У 70-ыя гады – “Саўгас Полымя” славіўся сваім спіртзаводам, пабудаваным панамі Свяцкімі.
Уладальнікамі маёнтку Старая Беліца былі шляхцічы Свяцкія, яны заснавал: спіртзавод, сырзавод. млын, ферму. У пачатку XIX стагоддзя Юзэф Свяцкі пабудаваў сядзібны дом у стылі класіцызму, напачатку XX стагоддзя Караль Свяцкі дабудаваў да яе вежу.
На бровары ў маёнку Свяцкіх у 1903-1904 гадах працаваў Янка Купала.
У 1904 годзе, падчас працы ў маёнтку Свяцкіх, Янка Купала напісаў вельмі дэпрэсіўны верш „Мая Доля”.
Чаму ж, доля, ты цяжкая,
Тут мне шчасця не даеш?
Чаму ж, горкая такая,
Смерць мне лепей не пашлеш?
Свяцкія – далёкія сваякі мастака Валенція Ваньковіча. У сядзібе знаходзілася вялікая калекцыя карцін, сярод якіх “Напалеон ля вогнішча” Ваньковіча (цяпер у Варшаве), былі таксама калекцыі парцаляны і зброі.
У 1918 годзе Караль Свяцкі з жонкай і сынам Станіславам выехалі ў Польшчу і вывезлі калекцыі. Падчас Другой сусветнай вайны ў сядзібе размяшчаўся нямецкі гарнізон, пасля вайны сядзіба выкарыстоўвалася як школа і дом культуры.
Школу, якая месцілася ў маёнтку, скончыў праваабаронца Алесь Дзергачоў.
Алесь Дзергачоў распавядае пра сядзібу часоў свайго навучання:
“Дзесьці да 1970 года ў маёнтку была школа. Акурат апошнія гады я ў ёй вучыўся, з 5 па 7 клас. За 50 гадоў усё ператварылася ў руіны. А шыльда, якая нагадвае аб „ахове” будынку дзяржавай, вісіць з часу, калі дах яшчэ быў. Цікава, што будынак былога бровара там пакуль з цэлымі сценамі (бачыў гадоў пяць таму). Уваход у школу быў пасярэдзіне. Калоны былі. На першым паверсе пакоі, у якіх размяшчаліся малодшыя класы. Размяшчэнне, як у сучасных інтэрнатах: калідор, а па баках пакоі. На другім паверсе вучыліся старэйшыя. Каля ўваходу размяшчалася вінтавая лесвіца на другі паверх. З тарца быў уваход у падвал. У ім месціўся зал з дрэваапрацоўчымі сталамі-верстакамі. Там праводзіліся ўрокі пад назвай „Труды”, па дзве акадэмічныя гадзіны. Там былі былі класы ад 5 да да 10-га. Па два, „а” і „б”. Атрымліваецца 6 пар. Я вучыўся ў класе, дзе было каля 25 вучняў. Пасля пабудавалі новую школу. Яна акурат на вуліцы, дзе бровар, праз кіламетр. У бок так званага партызанскага аэрадрому. Школа злева па вуліцы стаіць, далей срыжаванне праз 50 метраў, за ім скрыжаванне і паварот улева на Сянно. За скрыжаваннем шыльда стаіць наконт аэрадрома”.
Існуе легенда, што сядзіба і бровар у Старой Беліцы пабудаваныя на грошы скарбу Напалеона, які Свяцкі быццам бы знайшоў на дне возера.
Яшчэ не так даўно бровар працаваў.
Цяпер усё ў заняпадзе.
Хаця ўсё можна аднавіць, ці вазіць экскурсіі па літаратурных мясцінах, верш Янкі Купалы „Мая доля” – і цяпер актуальны. А ў месцы напісання – актуальны асабліва.
Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя