Тысячы турыстаў і вернікаў прыязджаюць у Сынковічы
Царква Святога Арханёла Міхаіла (Міхайлаўская царква) — царква ў вёсцы Сынковічы Зэльвенскага раёна, адзін з самых ранніх гатычных праваслаўных храмаў Беларусі. Храм знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі Сынковічы, каля 15 кіламетраў на захад ад Слоніма. На фасадзе выяўлены літары, выкладзеныя перапаленай цэглай, якой славяне раней пазначалі лічбы. Гэтыя надпісы можна трактаваць як 320, хутчэй за ўсё гаворка ідзе пра 1320 год. Значыць, храму каля 700 гадоў, хоць афіцыйна ён нядаўна адзначыў сваё 610–годдзе. Тым не менш, храм унікальны не толькі сваёй гістарычнасцю, архітэктурай, але і легендамі. Адна з іх распавядае, што Сынковіцкую царкву заснаваў вялікі князь Вітаўт у падзяку за тое, што ў мясцовых лясах ён уратаваўся ад пагоні Ягайлы.
Айцец Сергій, які служыць у Сынковіцкай царкве, сказаў, што з кожным годам турыстаў у Сынковічах бывае ўсё больш і больш. Толькі па выхадных днях круглы год прыязджае каля 1000 наведвальнікаў і вернікаў. Прыязджаюць турысты з усіх краін свету. І храм для людзей заўсёды адкрыты, дзе можна паглядзець яго, адчуць гістарычную мінуласць, памаліцца Богу, паставіць свечкі і набыць сувеніры.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён
Фота аўтара